19 Апреля 2026

Миорчанку Марину Мороз коллеги проводили на отдых

gazeta
  • 6465


Міёрская вытворчасць Полацкага хлебазавода – першае і адзінае месца работы Марыны Мароз. Прыйшла сюды ў жніўні 1986 года. Нядаўна адказную і старанную супрацоўніцу праводзілі на адпачынак.

Самы смачны хлеб – міёрскі

 Для Марыны Мароз міёрскі хлеб самы смачны. Не толькі таму, што шмат гадоў прымала непасрэдны ўдзел у яго прыгатаванні. Колькі ні спрабуе прадукцыю іншых вытворцаў, штораз пераконваецца – свая смачней.

– Па дыпломе я майстар плодагароднінавод. Люблю прыроду, работу на зямлі, таму і выбрала ў юнацтве гэтую прафесію, – распавядае суразмоўніца. – Родам я з вёскі Чарняўцы Павяцкага сельсавета. Працаваць хацелася на Міёршчыне. Цяпліц у райцэнтры не было, таму пасля вучылішча ўладкавалася на хлебазавод.

Гутарым з Марынай Вітольдаўнай напярэдадні яе апошняй рабочай змены. Толькі што калегі ўручылі падарункі з нагоды выхаду на пенсію. Прызнаецца, ёй яшчэ не верыцца, што ў апошні раз будзе гата- ваць хлебную закваску. Замену на сваё месца падрыхтавала, таму за якасць міёрскага хлеба спакойная.

У працэсе прыгатавання хлеба заквасчык – важнае звяно. Закваска разрыхляе цеста, надае хлебу порыстасць і ўнікальны смак, павышае яго засваяльнасць.

– У залежнасці ад віду вырабу рэцэптура закваскі адрозніваецца. Напрыклад, для хлеба «Старажытны Полацк» дадаюцца тмін і спецыяльнае бульбяное пюрэ, кваснае сусла, мёд. Мой любімчык – светлы хлеб «Любімы», тут закваска без дабавак, – расказвае суразмоўніца.

 «Важна ўзяць сябе ў рукі»

 На хлебазаводзе Марына Мароз пачынала ўкладчыкам хлебабулачнай прадукцыі. Затым была машыністам: фармавала і адпраўляла хлеб і батоны на расстойку. Наступны этап – справа заквасчыка. Паспрабавала сябе ў ролі пекара. Усяму вучылася адразу на вытворчасці. Пасля водпуску па доглядзе за дзіцём адказвала за чысціню на прадпрыемстве і ў фірменным магазіне. Затым зноў вярнулася да хлебных клопатаў.

Работа, разуменне і падтрымка ў калектыве дапамагалі перажываць асабістыя беды.

– Старэйшая дачушка Надзя хварэла на акалогію. Шмат у бальніцах з ёй ляжала. Калі яе не стала, першы год нібы ў іншым вымярэнні жыла. Разам з роднымі падтрымлівалі калегі. Год таму пайшоў з жыцця муж Віктар, з якім у згодзе пражылі 37 гадоў. Зноў жа знайшла падтрымку ў коле сям’і і на рабоце, – дзеліцца Марына Вітольдаўна. – Напэўна, я моцны духам чалавек. Шмат чаго перажыць давялося. Важна ўзяць сябе ў рукі. Дзяцей сваіх гэтаму вучыла. Наказвала ніколі не шукаць суцяшэння ў алкаголі. Гэта не выйсце. Перажываць цяжкасці трэба, займаючы сябе карыснымі справамі.

 Пенсія стартуе з падарожжа

 Нездарма кажуць, што калі Бог штосьці забірае, то абавязкова дае ўзамен. У Марыны Вітольдаўны трое дарослых дзяцей і трое ўнукаў. Першым пунктам у бліжэйшых планах на пенсію значыцца паездка ў Брэст да малодшай дачкі Марыі.

– У гэтым горадзе яшчэ ні разу не была, – заўважае суразмоўніца. – Якраз сын у водпуску, з ім разам едзем.

Дачка Наталля і сын Валерый у Міёрах. Цяпер у маці і бабулі будзе больш часу на сямейныя стасункі.  

– Без справы сядзець не давядзецца. Добраўпарадкаванне дома і падворка, вязанне, кулінарыя, рыбалка – сумна не будзе, – расказвае пра планы на перспектыву.

У гісторыі прадпрыемства Марыя Мароз застанецца прафесіяналам сваёй справы з адзіным месцам работы.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял аўтара.

Назад к списку
Следующая →

Сустрэча з ветэранам

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]