У Дзень прафілактыкі хвароб сэрца медыкі наведалі хлебазавод. З планам правядзення мерапрыемства работнікаў пазнаёміла валеёлаг Г. В. Ліскова. Яна адзначыла, што ў структуры смяротнасці і інваліднасці сардэчна-сасудзістыя захворванні стаяць на першым месцы, таму тэма актуальная для ўсіх арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна. Медсястра аддзялення прафілактыкі райпаліклінікі І. С. Дзмітрыева мерала артэрыяльны ціск. Кожны меў магчымасць даведацца індэкс масы цела.
Праведзены раней аналіз стану здароўя работнікаў хлебазавода паказаў, што ў многіх не ўсё ў парадку з індэксам масы цела, адкуль вынікае павышаны ціск, а за ім—розныя хваробы сэрца. Праблемы вялікія і кошт іх—жыццё. Як з імі справіцца, падрабязна расказаў урач-кардыёлаг З. І. Пабяржын.
—Ва ўсім свеце нормай лічыцца артэрыяльны ціск 115/70. Калі ён павышаецца ад зыходнага на 15-20 адзінак, то рызыка смяротнасці павялічваецца. Спадчынную схільнасць вылечыць практычна немагчыма, іншая справа—празмерная маса цела. Нармальным лічыцца індэкс масы цела ў прамежаку ад 18 да 25 адзінак, калі больш—сачыце за правільным харчаваннем. Трэба вымяраць і талію, калі ў мужчын яна перавышае 120 сантыметраў, а ў жанчын 82—вуха трымайце востра.
Чаму смяротнасць ад сарэчна-сасудзістых хвароб пераважае, а ў нашым раёне яна проста катастрафічная? У першую чаргу таму што людзі несвоечасова звяртаюцца да ўрачоў. Прыблізна толькі 10% лечацца, астатнія спадзяюцца на “авось”. На фоне артэрыяльнай гіпертэнзіі павялічваецца падстраўнікавая залоза, далей “расце” цукар у крыві і мачы, ад чаго—цукровы дыябет. Некаторыя ведаюць, што ў іх павышаны ціск, але кажуць: “Ну і што, галава ж у мяне не баліць”,—гэта падманнае меркаванне, бо такога сімптому можа і не быць. Аднак паражаецца мозг, пастаянны спазм прыводзіць да стойкага спазму, на фоне гэтага адкладваюцца атэрасклератычныя бляшкі, якія звужаюць сасуды, далей—ішэмічны інсульт у жанчын і інфаркт міякарды ў мужчын.
Сачыце і прытрымлівайцеся правілаў прафілактыкі. У першую чаргу трэба правільна харчавацца, каб не было павышанай вагі, ад чаго ўтвараюцца атэрасклератычныя бляшкі ў сасудах сэрца і галаўнога мозга. Потым церпяць ныркі. Гэта можа не праяўляцца знешне, але паступова яны пачынаюць “адмаўляцца” выконваць адпаведныя функцыі.
Цяпер модна казаць пра розныя дыеты. Яны магчыма і добра, калі сядзіш дома і няма чым заняцца, але часам шкодзяць здароўю. Трэба быць уважлівым. Чалавек пастаянна павінен адчуваць сябе крыху галодным. Карысць здароўю прынясуць і няспешныя прагулкі, хаця б 30 хвілін у дзень.
Дарэчы, прапагандуецца спорт, і ніхто не гаворыць, што фізкультура і спорт— розныя рэчы. Фізкультура—рух для закальвання, для здачы нарматываў у школьнікаў і ўвогуле проста для задавальнення, а спорт для вялікіх дасягненняў—вельмі шкодны для арганізма.
Адмоўны ўплыў на стан здароўя аказвае і курэнне. Паводле назіранняў, мужчыны курыць менш, чым жанчыны. Жахліва, што гэты факт часта сустракаецца ў студэнцкіх калектывах. Такая “дзікая мода” губіць здароўе іх і нашчадкаў. Жанчына, якая курыць, не можа нарадзіць нармальнае дзіця, бо нікацін выклівае спазмы сасудаў ва ўсім арганізме, а зародыш церпіць ад недахопу кіслароду. Датычыць гэта і мужчын, якія памылкова лічаць, што шкодныя звычкі—алкагалізм і курэнне—не ўплываюць на стан здароўя зачатага дзіцяці. На сённяшні дзень з трох родаў два паталагічныя.
Калі вы пачалі лячыць гіпертэнзію, лекі прыйдзецца прымаць рэгулярна і пад наглядам урача. Ёсць такая група лякарстваў, пры адмене прыёму якіх можна пагоршыць свой стан. Мы павінны паміраць ад старасці, а не ад інсультаў, інфарктаў, ракаў,—падагуліў выступленне кардыёлаг.
“Хаджэнне ў народ” дактароў—найлепшы спосаб прафілактыкі розных хвароб. Пра гэта сведчыць тое, што пасля мерапрыемства на кансультацыю да З. І. Пабяржына засталося некалькі чалавек, знайшліся ахвотнікі памерыць артэрыяльны ціск і вылічыць індэкс масы цела.
Асаблівую падзяку ўрачы выказваюць дырэктару хлебазавода Г. П. Бушунову, які, даючы дазвол на правядзенне мерапрыемства на тэму здароўя, удзельнічае ў ім і сам.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.