Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь

Яркая знешнасць, прыроднае абаянне, адметны вакал. Так можна сказаць пра кожную з трох сясцёр. Іх творчыя нумары – і сольныя, і ў складзе трыа – дораць эстэтычную асалоду гледачу. Вашы апладысменты – Дар'я Мілашэвіч, Яўгенія і Соф'я Шук.
Гутарым з сёстрамі ў студыі гуказапісу Цэнтра культуры і народнай творчасці. З нядаўняга часу гэта рабочае месца Яўгеніі, кіраўніка эстраднай студыі.
Як заўважаюць дзяўчаты, у дарослым жыцці не так часта выпадае магчымасць для сумесных пасядзелак і доўгіх цёплых размоў. Жывуць у адным горадзе, аднак маршруты штодзённых спраў разыходзяцца. Дар'я – інжынер-энергетык па ўліку энергарэсурсаў у ААТ «Металапракатная кампанія». Завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю на фінасава-эканамічным факультэце ПДУ імя Е. Полацкай. Займаецца з дзіцячым калектывам лыжкароў у Павяцкім СДК. Выхоўвае сына Арсенія, які наведвае дзіцячы сад № 2 і ўжо дэбютаваў на сцэне падчас урачыстасці з нагоды юбілею ўстановы.
Соф'я – медсястра хірургічнага аддзялення ЦРБ. У мінулым годзе ўдзельнічала ў музычным тэлешоў «Зорны шлях», што праводзяць тэлеканал АНТ, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі і «Музычная медыякампанія».
Некалькі гадоў адсутнічала ў родных мясцінах Яўгенія. Працавала ў сталіцы ў сферах гандлю, грамадскага харчавання, фларыстыкі. Двойчы па кантракце выязджала ў Турцыю. Спачатку як аніматар, затым танцавала ў шоў-гурце.
– Гэта быў не столькі пошук сябе, колькі жаданне змяніць абстаноўку, паспрабаваць новыя накірункі. Атрымала каштоўны вопыт, – заўважае Жэня. – Па спевах сумавала. Узрадавала прапанова кіраваць эстраднай студыяй ЦКіНТ.
Шлях на сцэну ў дзяўчат пачынаўся з першага класа Паташнянскай школы. Спачатку старэйшая Даша, затым на тры з паловай гады маладзейшая Жэня. І ўрэшце малодшая Соф'я, у якой розніца ва ўзросце з сёстрамі дзесяць і шэсць гадоў адпаведна.

– Памятаю свой першы канцэрт, – усміхаецца Жэня. – Школа невялікая. Актавай залы не было, і ўсе мерапрыемствы праходзілі ў калідоры. Мая першая песня: «Топ, топ, топает малыш...»
Дзяўчаты спявалі ў школе. Давалі канцэрты на сямейных святах, што было выдатнай магчымасцю апрануць маміны ўборы і абуць яе туфлі на абцасах. Сталі пастаяннымі ўдзельнікамі творчай каманды Паташнянскага сельскага клуба, выступалі на конкурсах-аглядах мастацкай творчасці. У тым ліку разам з бацькамі, якія і ў дзяцінстве, і ў дарослым жыцці ва ўсім падтрымліваюць сваіх дочак, пакідаючы за імі права выбару.
Хросным татам у свеце музыкі сёстры лічаць іх школьнага настаўніка спеваў Дзяніса Росала. Гавораць пра яго з цеплынёй і ўдзячнасцю.
– Калі працавала ў школе мастацтваў, кіравала калектывам «Мерыца». Запрасіла Дзяніса Віктаравіча спяваць. Так стала ў яго кіраўніком, – смяецца Жэня.
– Цяпер са мной у адной установе, вадзіцель у бальніцы, – заўважае Соф'я. – Цікавіцца нашымі справамі. Перажываў за мяне падчас праекта «Зорны шлях».
Пасля школы старэйшыя сёстры атрымалі музычную адукацыю. Дар'я скончыла педагагічны каледж. Пачынала метадыстам у ЦКіНТ, стварыла дзіцячы вакальны калектыў «Бэмс», дзе ў тым ліку спявала на той час сястра-школьніца Соф'я. Затым прапанавалі работу ў Міёрскім раёне газазабеспячэння. Жэня вучылася ў Наваполацкім музычным каледжы, пасля ў дзяржаўным універсітэце культуры і мастацваў. Соф'я таксама думала звязаць прафесію з музыкай, але ў выпускным класе планы змяніліся. Заўважае, што ў медыцыне адчувае сябе на сваім месцы. І пагаджаецца з тым, што музыка таксама лечыць.
Са слоў сясцёр, чым бы ні займаліся, творчасць заўсёды з імі.
– Выступаць на публіку не вельмі люблю, – прызнаецца Соф'я. – А вось рэпетыцыі падабаюцца. Увогуле я пастаянна спяваю, але за сабой гэтага не заўважаю. І дома з песняй, і на рабоце.
Сцэнічныя вобразы дзяўчат – яркія, эфектныя, запамінальная. Чым падобныя і што адрознівае сясцёр па-за творчасцю?
– Мы выраслі ў адной сям'і, у нас падобныя густы. Яшчэ ў юнацтве, не дамаўляючыся, куплялі з Жэняй аднолькавыя рэчы: туш, памаду, касметычку і так далей. Музыку любім падобную, – расказвае старэйшая Дар'я. – Характары розныя. Я больш закрытая, усе эмоцыі ўнутры. Мне складаней вырашыцца на перамены, доўга абдумваю і сумняваюся. У Жэні наадварот – эмоцыі напаказ, важныя рашэнні прымае ў лічаныя секунды, яна самая камунікабельная. Соф’я па пражыванні эмоцый дзесьці пасярэдзіне. – На сцэне нас бачаць яркімі, упэўненымі. Між тым да сябе ўсе мы самакрытычныя, – дадае Яўгенія. – Даша ў нас самая крэатыўная. Толькі падзялюся з ёй ідэяй – адразу прапаноўвае некалькі варыянтаў рэалізацыі. Здараюцца паміж сёстрамі творчыя спрэчкі. Кожная дзеліцца сваім бачаннем, і ў выніку прыходзяць да агульнапрынятага рашэння. – У дзяцінстве мы з Жэняй часта сварыліся. Прыходзілі скардзіцца маме, а яна заўважала, што абедзве вінаватыя, і пакаранне чакала кожную, – прыгадвае Даша. – А вось з Соф’яй не памятаю, каб канфлікты здараліся. Да яе заўсёды паблажліва ставіліся, яна ж маленькая. – Мама паўтарала: «Вы – сёстры, вы павінны быць разам. Вырасціце і будзеце самымі блізкімі адна для адной», – адзначае Жэня. – З часам зразумелі каштоўнасць быць сёстрамі. Як заўважаюць дзяўчаты, цяпер розніцы ва ўзросце паміж імі не адчуваецца. Дзе б ні былі, ведаюць, што яны ёсць адна ў адной. Гатовы дзяліцца ўборамі і сакрэтамі, радавацца поспехам і перажываць за няўдачы, падтрымліваць і дапамагаць.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.