19 Апреля 2026

Про здоровье во все его проявлениях говорили на диаологовой площадке в Миорском ТЦСОН

gazeta
  • 3800


Добрае самаадчуванне, гармонія ў душы, лад у стасунках. Пра здароўе ва ўсіх яго праяўленнях ішла размова на дыялогавай пляцоўцы ў ТЦСАН.

Здароўе не купіш у аптэцы. Маленькімі крокамі яго ўмацоўваюць штодня праз карысныя звычкі, адзначыла спецыяліст РЦГЭ Ірына Гільніч. Заўважыла, што ў кожнага ёсць выбар: паляжаць на канапе ці пайсці на прагулку, з’есці бутэрброд з каўбасой ці салату са свежай гародніны, выкурыць цыгарэту ці выпіць шклянку вады. Карысныя звычкі важней за лекі, падкрэсліла выступоўца і прапанавала пяць простых крокаў да здароўя.

Першы – чыстыя рукі. Памыць іх з мылам – атрымаць бясплатную вакцыну ад многіх хвароб. Са слоў спецыяліста, 20-секундная працэдура ў тры разы зніжае рызыку захворванняў. Другі крок – чыстая вада. Толькі ёй можна спатоліць смагу. Сокі, кампоты, смузі і так далей – усё гэта ежа з высокім утрыманнем вугляводаў, якія нагружаюць падстраўнікавую залозу, выклікаюць рэзкія скачок, а затым зніжэнне цукру ў крыві. Трэці пункт – штодзённы рух. Пешая прагулка ў 15-20 хвілін зніжае рызыку сардэчных захворванняў, трымае мышцы ў тонусе, а цукар у норме. Калі надвор’е не дазваляе выйсці на вуліцу, дастаткова дзесяць хвілін пахадзіць па доме. Асабліва карысна гуляць перад сном. Чацвёртае – свежае паветра ў жыллі. Душныя пакоі – спрыяльны асяродак для шкодных мікраарганізмаў. Раніцай і вечарам важна праветрываць памяшканні. Пяты крок – якасны сон. Сем-восем гадзін, у цішыні, поўнай цемры і лёгкай прахалодзе.


Здароўе – гэта проста і даступна, звярнула ўвагу Ірына Гільніч. Для пешых прагулак зусім не абавязкова набываць фітнэс-браслет. Заняткі ў спартзале замяняюць дамашнія трэніроўкі, работа на зямлі. Альтэрнатыва БАДам і вітамінным комплексам – чай з лімонам, гарбата, свежыя фрукты. Кансультацыю псіхолага заменіць даверлівая размова з блізкім чалавекам.

На сімвалічнае дрэва здароўя ўдзельнікі сустрэчы прымацавалі абяцанні ўвесці ў свой лад жыцця пэўную карысную звычку.

Важны складнік здароўя – лад у стасунках. У першую чаргу ў сям’і. На жаль, не ва ўсіх надвор’е ў доме сонечнае і без ападкаў. Ахвярамі сямейнага гвалту часцей за ўсё становяцца жанчыны, заўважыў участковы інспектар міліцыі Сяргей Касімоўскі. Пацярпелых мужчын не больш за 5 % па рэспубліцы. Часта пра гвалт маўчаць. Між тым у адносінах да хатніх тыранаў магчыма прымяніць як меры адміністрацыйнага ўздзеяння, так і крымінальнае пакаранне.


Залежыць наша здароўе ад матэрыяльнага дабрабыту. Праваахоўнік нагадаў быць пільнымі ў тэлефонных стасунках. Заўважыў, што пацярпелых ад дзеянняў кібермахляроў паменела, аднак зламыснікі не перасталі менш выходзіць на сувязь. Іх арсенал – псіхалагічныя маніпуляцыі і магчымасці штучнага інтэлекту. З дапамогай апошняга, напрыклад, можна змадэляваць голас блізкага чалавека. Таму нават калі па тэлефоне просіць матэрыяльную дапамогу хтосьці з родных ці сяброў, лепш пераправерыць.

Клопат пра здароўе вітае царква, адзначыў дыякан Дыянісій. З даўніх часоў у манастырах нарыхтоўвалі гарбату, гаючыя мазі і іншыя лекі. Што да гвалту ў сям’і, гэта страшны грэх, бо з’ўляецца прыніжэннем чалавечай годнасці. Падараваную Госпадам свабоду чалавек выкарыстоўвае дзеля зла. Царква вучыць мужоў любіць сваіх жонак і не быць да іх суровымі, а жонка не павінна кіраваць мужам. Муж – галава сям’і, а мужу галава – Хрыстос, падкрэсліў свяшчэннаслужыцель.

У ТЭМУ

Дыялогавая пляцоўка праходзіла ў рамках праекта «Семья в мире – мир в семье», які распачаўся ў раёне ў сакавіку. Яго рэалізацыя ўключае мерапрыемствы, скіраваныя на фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, прафілактыку правапарушэнняў у сям’і.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара.
← Предыдущая

В Беларуси разрабатывают аналог Instagram

Назад к списку
Следующая →

Людзям патрэбна ўпэўненасць у год якасці

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]