19 Апреля 2026

Дзмітрый СКАВАРОДКА з Міёрскага раёна: "У мяне як у начальніка дзень кароткі – 24 гадзіны"

gazeta
  • 251381

 Сваё прафесійнае свята начальнік аддзялення пагранічнага кантролю «Урбаны» падпалкоўнік Дзмітрый СКАВАРОДКА сустракае ў шаснаццаты раз. У ліпені 2006 года выпускнік Дворнасельскай СШ стаў курсантам пагранічнага факультэта Ваеннай акадэміі. З таго часу бярэ адлік служба, якую да цяперашняга лічыць важнай, цікавай, асаблівай.

– У пагранічных войсках праходзіў тэрміновую службу мой стрыечны брат. З цікавасцю слухаў яго расповяды, праз якія сфарміраваліся станоўчыя ўяўленні пра справу пагранічнікаў. У школьныя гады з захапленнем глядзеў фільм «Афіцэры», серыял «Дзяржаўная граніца». Усё гэта паўплывала на выбар прафесіі, – расказвае суразмоўнік. – Рашэнне звязаць жыццё са службай Радзіме было свядомым, самастойным, выкліканае ўнутраным імкненнем.

Першае месца службы Дзмітрыя Скавародкі – Лідскі пагранічны атрад. Тры гады адслужыў там на розных пасадах. Пасля прапанавалі перавесціся ў Полацкі пагранічны атрад. Тут службовая сцежка ішла праз пагранічную камендатуру «Опса», пагранзаставу «Плюсы», аддзяленне пагранічнага кантролю «Бігосава-2», упраўленне пагранічнага атрада, затым прывяла ў аддзяленне пагранічнага кантролю «Урбаны».

У ліку асноўных задач начальніка – арганізацыя працэсу пропуску фізічных асоб, навучанне і выхаваўчая работа з асабовым саставам. На пытанне пра рамкі рабочага дня Дзмітрый жартам заўважае:

– У мяне як у начальніка дзень кароткі – 24 гадзіны.

Мае на ўвазе неабходнасць пастаянна заставацца на сувязі з калегамі і ў любы момант быць гатовым да справы.

Малая радзіма Дзмітрыя Скавародкі – вёска Пад’ельцы. Цяпер жыве з сям’ёй у Браславе. Дома яго чакаюць жонка Таццяна, сын-першакласнік Глеб і трохгадовая дачушка Мілана.

– Люблю праводзіць вольны час з дзецьмі. Разам гуляем, займаемся карыснымі справамі. Вучу іх быць добрымі і не рабіць злога, паважаць працу кожнага чалавека, – заўважае клапатлівы бацька.

Хлопчык часта просіць памерыць татаву фуражку. Пабываў у яго на службе, адкуль вярнуўся пад прыемным моцным уражаннем.

– Буду рады, калі сын пойдзе ў прафесію па маім шляху. Калі не – у яго ёсць права на ўласны выбар, – гаворыць Дзмітрый. – За час службы ні разу не расчараваўся ў сваёй справе. Яна цікавая, адрозная ад іншых і не выклікае сумненняў у сваёй важнасці і неабходнасці. Пагранічнікі будуць заўсёды. У Радзімы ёсць рубяжы, якія трэба ахоўваць.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва Дзмітрыя СКАВАРОДКІ.

← Предыдущая

Поздравления с юбилеями принимали от коллег ветераны сферы сельского хозяйства Миорщины

Назад к списку
[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]