"День открытых дверей"

"День открытых дверей" У аграсядзібах ва ўсёй рэспубліцы 20 мая праходзіў “Дзень адчыненых дзвярэй”. З гэтай нагоды дэлегацыя раёна, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама разам з начальнікам А. І. Жуком,  дырэктар турфірмы “Халберг” Н. І. Будзько і іншыя, пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама М. М. Баніфатавай рушыла ў дарогу. Шлях пралягаў па маршруце Пераброддзе — Орцы — Дзісна — Мазурына — Язна. Адразу можна адзначыць, што практычна ўсе аграсядзібы размешчаны на берагах вадаёмаў ці паблізу, а значыць рыбалка, юшка, купанне і загар, паранне ў лазні венікам, бярозавым ці дубовым, — адпачынак душы і целу на свежым паветры агратурыстам заўсёды гарантаваны.

 

"День открытых дверей" Першай ветліва сустрэла гасцей гаспадыня “МАЦЕЙКАВАЙ  СЯДЗІБЫ” Галіна Паўлоўская ў Пераброддзі. Пабудаваны ў мясцовым стылі з экалагічна чыстага матэрыялу дом — з бярвення і ўпрыгожаны разьбой—размясціўся ў маляўнічым куточку на беразе возера Набіста, і тут жа — выдатнае месца для адпачынку—лазня, вогнішча, мангал.

 

Для дэкаратыўнага афармлення сядзібы гаспадыня выкарыстоўвала вырабы мясцовых майстроў: прадстаўлены разьба па дрэве, вышыванкі, вязаныя кручком рэчы, фларыстычныя кампазіцыі, а брэндам з’яўляюцца карціны, упрыгожанні і вырабы, выкананыя з воўны.

 

Для аматараў актыўнага адпачынку ёсць валейбольны мяч, веласіпед і лодка, для маленькіх — пясочніца і арэлі. Штогод тут праводзіцца летнік рамёстваў “Жывое цяпло”, прымаюць удзел у ім гаспадыні сядзіб нашага і суседніх раёнаў, а ўрокі даюць вядомыя майстры Беларусі. Яшчэ з дарогі бачны рознакаляровы пеўнік — сімвал летніка майстроў.

 

Клапатлівая гаспадыня пачаставала гасцей гарбатай і сканцамі — булачкамі, якія выпякаюць перабродскія бабулі.

 

"День открытых дверей" “ОРЦАЎСКАЯ ПРЫСТАНЬ” — прыгожая шыльда паміж двух дрэў, прычым, равеснікаў дома (сёлета ім спаўняецца 82 гады) не дасць памыліцца, што трапілі менавіта туды. Сядзіба Іосіфа Шабуцкага размешчана ля возера. З берага ў водны прастор уклініваецца кладка даўжынёй 20 метраў, побач для экстрэмалаў — вышка для нырання з некалькімі ўзроўнямі, найвышэйшая кропка — 5 метраў. 

 

Уражвае вялікая колькасць спартыўных збудаванняў ля дома: можна пагуляць у валейбол і баскетбол, гарадкі і бадмінтон, праверыць трапнасць у дартсе, мышцы прапануецца трэніраваць на турніку і гімнастычных кольцах, для дзяцей — розныя арэлі і пясочніца: усе ўмовы адпачыць не толькі душой, але і загартавацца фізічна!

Увогуле, сядзіба клапатліва афармлялася не толькі самім гаспадаром, дапамагалі тату сыны Аляксандр, Андрэй і Руслан. Яны ўжо дарослыя, жывуць у розных гарадах, таму сядзіба часам становіца таксама і для іх аддушынай ад штодзённай мітусні і астраўком адпачынку на час водпуску ці ў выхадныя.

Гаспадар пазнаёміў гасцей з пакоямі, якія прадастаўляюцца адпачываючым: гасціннай, спальнямі, кухняй. Дарэчы, у гэтым годзе ёсць нават заказ, каб на “Орцаўскай прыстані” згуляць вяселле!

 

"День открытых дверей" Наступны пункт прыпынку — “ДАСТАТАК” — знаходзіцца ў Дзісне, а размяшчаецца на беразе Дзвіны. Ля агароджы дэлегацыю ўжо чакала ў народным строі Лілія Арцімёнак, гаспадыня сядзібы. Тут не будзе сумна, нават калі надвор’е на вуліцы не дазволіць парыбачыць ці пабавіцца на свежым паветры, бо ў вялікай бібліятэцы для кожнага знойдзецца што пачытаць.

 

Гаспадыня прадастаўляе харчаванне з прадуктаў са свайго падвор’я і агарода, а значыць — экалагічна чыстых і па правераных рэцэптах.

Ля дома сціплая і ўтульная альтанка. У спёку там можна схавацца ад сонца, а ўвечары — прыгатаваць шашлыкі і накрыць стол.

Напэўна, будзе цікава турыстам пазнаёміцца з гістарычнымі помнікамі і цікавымі мясцінамі, якіх нямала ў Дзісне.

 

"День открытых дверей" Сядзіба “МАЗУРНЫ  БЕРАГ” Эдмунда і Аляксандра Цярэшак больш падобная на невялікую асобную вёсачку, дзе за драўлянай агароджай адкрываецца сапраўды казачны малюнак: з густам аформленыя газоны, домікі і іншыя пабудовы з дрэва і камення.

 

Экскурсію па гарадку правёў адзін з гаспадароў, з пачынальнікаў агратурызму на Міёршчыне Эдмунд Цярэшка. Праз арку і над прыступкамі ўніз адкрываецца маляўнічы пейзаж бурлівай і хуткаплыннай Дзвіны.

 

Груда камення ля сталоўкі на першы погляд толькі падасца нецікавай, на самой справе ў гаспадара практычна на кожны камень ёсць нейкая гісторыя ці байка.

У доміках інтэр’ер з дрэва, асобным будынкам шыкоўная сталоўка пад рыцарскі стыль, руская печ, гасцявыя домікі, — усё надоўга запомніцца таму, хто хоць раз наведаў “Мазурны бераг”.

 

Месца дазваляе наладжваць правядзенне святаў і карпаратыўных мерапрыемстваў, а вось каб Новы год сустрэць там — трэба загадзя паклапаціцца і заняць чаргу.

 

"День открытых дверей" На Язненшчыне 

Найбольш багатая на аграсядзібы Язненская старонка. Многім за межамі раёна вядомая крынічка святога Яна, куды летам на фэст прыязджаюць нават з-за мяжы. Між іншым тут можна пазнаёміцца і з помнікам прыроды рэспубліканскага значэння “Чыстая дубрава”, гідралагічным заказнікам “Жада”.

 

Завіталі да Наталлі Жойдзік у “БЕЛЫЯ  РОСЫ”. Квітнеў яшчэ бэз, побач з альтанкай прадумана чакаў свайго часу мангал. Гаспадыня запрасіла ў дом і адразу да стала, пачаставацца хатнім сырам, пірагом, упрыгожаным ляснымі ягадамі, і іншым смакоццем. Дарэчы, гаспадыня шмат цікавага ведае з гісторыі і не прамінае гэтым падзяліцца са сваімі наведвальнікамі. 

 

"День открытых дверей" Адносна нядаўна займацца агратурызмам пачаў Мікалай Вайцяховіч, тры пакоі ўжо гатовы прыняць турыстаў. Сядзіба адлюстроўвае прафесію гаспадара — “У  ЕГЕРА” — і зручна размясцілася паміж азёрамі Малое і Вялікае Язна. 

 

Акрамя рыбалкі тут прапануюць і паляванне на дзіка, казулю…

Асабліва экстрэмальным і цікавым будзе для турыстаў падарожжа па мясцовых балоцістых мясцінах на балотаходзе.

 

"День открытых дверей" Лілія Спірковіч на парозе сустракала нас са сваімі памочніцамі — дочкамі Ірынай і Вольгай. Яны дапамагаюць маці прымаць гасцей, прыгатаваць штосьці на стол, бо жывуць са сваімі сем’ямі паблізу. У гаспадыні даволі вялікая хатняя гаспадарка, таму стол заўсёды багаты. Адзін з эксклюзіўных пачастункаў сядзібы “СПІРКОВІЧ” — «Тварожнае рафаэла».

 

Калі стане сумна і захочацца экзотыкі, то можна пакатацца на кані, арганізаваць водную вандроўку, бо блізка возера. Таксама накіроўваюцца на Полацк, Мосар — знаёмяць турыстаў з прыгожымі мясцінамі і культурнымі славутасцямі.

 

Ларыса Бервячонак працуе дырэктарам Язненскага СДК і спявае ў мясцовым фальклорным калектыве “ЯЗЫНКА”, таму і  назва яе сядзібы адпаведная. Жанчына правяла гасцей па сваіх апартаментах. Хатняя гаспадарка дазваляе пачаставаць адпачываючых экалагічна чыстымі стравамі. Знойдзецца забаў тут для дзяцей і заняткаў для дарослых. Прыемна будзе заняцца зборам грыбоў ці ягад, рушыць у вандроўку на веласіпедзе па вясковых і лясных дарожках. Улічваючы прафесійную дзейнасць гаспадыні,  абавязкова арганізуе яна і культурна-забаўляльную праграму з нацыянальным каларытам.

 

"День открытых дверей" Гаспадыня “КЛЁННАЙ” Тамара Касатая шчыра сустракала дэлегацыю, гэта быў апошні пункт вандроўкі. Умелая рукадзельніца сваіх турыстаў вучыць вышываць, вязаць, выконваць пано ў тэхніцы аплікацыі саломкай, нават пячы пірагі. Ва ўтульным аднапавярховым доме ёсць невялікая каплічка, дзе можна пабыць у цішыні, паразважаць над вечнымі пытаннямі. Дарэчы, іконы ўпрыгожаны рушнікамі, якія вышывала сама гаспадыня, а тут і малітва “Ойча наш”.  На кухні ў халодныя вечары можна пагрэцца ля каміна.

 

Пасля невялікай экскурсіі Тамара Касатая ўсіх запрасіла за стол, накрыты язненцамі і гаспадыняй з Дзісны пад яблынькай, і на канцэрт, які падрыхтаваў мясцовы фальклорны калектыў. Мілагучна ліліся беларускія народныя песні на пляцоўцы, аформленай пад “старыну”, а на заканчэнне культработнікі згулялі з гасцямі ў “Падушачку”.

 

У кожнай наведанай сядзібе вызначалася нешта сваё, адметнае, непаўторнае. Гаспадары прапаноўваюць турыстам, стомленым ад гарадской мітусні і шалёнага рытму, супакой і яднанне з прыродай. Сапраўды, што можа быць большым багаццем для душы, чым прайсціся басанож раніцай па расе, сустрэць з вудай усход сонца, праплысці па блакітнай гладзі і паслухаць бесклапотны спеў птушак, заснуць на гамаку ў цяні дрэва… Ціхае лясное паляванне, пешыя вандроўкі, чыстая вада навокал і паблізу —  усё надае сілы і рамантычны настрой. Курорт беларускай вёскі. Вось ён ва ўсёй непаўторнасці і разнастайнасці.

Адметна, што гаспадары наведаных у той дзень сядзіб на працягу сваёй дзейнасці адзначаліся граматамі і дыпломамі як удзельнікі і пераможцы розных конкурсаў, што праводзіліся ў вобласці і рэспубліцы.

 

Нагадаю, што настаўнік гісторыі і кіраўнік гуртка “Арганаўты мінулага” В. А. Ермалёнак распрацаваў маршруты для экскурсій і вандровак “Малы залаты пярсцёнак Міёршчыны” і “Срэбраны пярсцёнак Міёршчыны”, дзе можна пазнаёміцца са шматлікімі цікавымі гістарычнымі і прыроднымі мясцінамі нашага краю. Гаспадары аграсядзіб з поспехам могуць гэтыя шляхі выкарыстоўваць.

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.