01 Августа 2026

Чепуковская СШ готовится к новому учебному году

gazeta
  • 3096


Днямі карэспандэнты газеты завіталі ў Чапукоўскую СШ пацікавіцца, як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Першага верасня ўстанова адукацыі сустрэне вучняў яркімі фарбамі, прыемнымі ўражаннямі, новымі мэбляй і абсталяваннем.

Крочым па светлых кабінетах і прасторных калідорах разам з дырэктарам Уладзімірам Кляўцовым. Заўважаем: няма напружання, уласцівага ўстановам адукацыі ў гэтую пару.

– Падрыхтоўка да новага навучальнага года пачалася ўжо з другой паловы чэрвеня, як толькі скончыліся выпускныя экзамены. Аднак гэтая работа вялася і на працягу года: мы паспелі пераклеіць два кабінеты, абнавіць зону, дзе знаходзіцца музейны куток, – расказвае Уладзімір Мікалаевіч.

Акт неабходных мерапрыемстваў быў складзены ў красавіку. У іх ліку – замена мэблі ў вучэбных кабінетах, афарбоўка падлогі і вулічнага абсталявання, рамонт выцяжкі на харчаблоку, закупка і ўсталяванне працірачнай машыны.

У тым, каб школа 1 верасня сустрэла вучняў абноўленай, дапамаглі шэфы. Выдзелілі сродкі на набыццё лакафарбавых вырабаў УП «Чэрасы», ААТ «Любінова» і райаграсэрвіс. Значная падтрымка – пазабюджэтныя і сродкі аддзела па адукацыі райвыканкама, узносы папячыцельскага савета.

Прыёмка школы адбудзецца 12 жніўня. На канец ліпеня фарбавальныя работы выкананы працэнтаў на 90, а таксама адрамантавана выцяжка, закуплена працірачная машына. Чакаюць пастаўку гімнастычных лесвіц у спартзалу і вучнёўскай мэблі для кабінетаў біялогіі, беларускай мовы і літаратуры.

Час прыспешвае, бо і ў летнюю пару школа напоўнена дзіцячым гоманам і смехам.

– Засталося вынесці старую мэблю, прыбраць і навесці лоск. З панядзелка пачынаецца лагер, – заўважае дырэктар.

Людзі, якія звычайна застаюцца за кадрам, але на чыіх плячах ляжаць асноўныя клопаты, – тэхнічныя работнікі Аксана Прэда, Кацярына Васільева, загадчык гаспадаркі Мікалай Пашкоўскі, кладаўшчык Алена Паперадзень і рабочы Анатоль Рынкевіч. На харчаблоку працавалі Вераніка Цітовіч, Ала Пяткевіч і Ніна Лагун.

Творчы падыход адрознівае Таццяну Дубніцкую. Бадай, няма такой справы, да якой яна не прыклала б руку. Абнавіла музейны куток, намалявала некалькі пано і стылізавала магнітную дошку ў актавай зале, клапоціцца пра кветнікі на тэрыторыі школы, вырошчвае туі, лаванду, барбарысы, гартэнзію, спірэю, шэраг іншых хваёвых і лісцёвых дэкаратыўных раслін. У гадавальніку цяпер каля тысячы саджанцаў, якія пасля знаходзяць пастаянную прапіску на тэрыторыі школы, рэалізуюць іх вяскоўцам.

– Чалавек разнапланавы, – характарызуе работніцу Уладзімір Кляўцоў. – Яна выпраменьвае крэатыў, сама прапаноўвае ідэі і «гарыць» імі.

Тэрыторыя клопату вартаўніка Уладзіміра Кукуця, акрамя асноўных службовых абавязкаў, – стварэнне малых архітэктурных форм. З апошніх яго работ – звараныя з металу флагшток, падстаўкі пад вазоны для кветак, вароты і брамка. На чарзе лавачка, дзе можна будзе адпачыць. Спалучае эстэтыку з камфортам.

Штат настаўнікаў укамплектаваны. Цікавяцца поспехамі выпускнікоў. Сёлета з трох хлопцаў і дзяўчат, якія займаліся па інжынерным профілі, двое паступілі на інжынерныя спецыяльнасці.

У новым навучальным годзе за парты сядуць пяцёра першакласнікаў. Усяго школа прыме каля ста вучняў. Чатыры дзесяцікласнікі будуць асвойваць праграму інжынернага класа з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і фізікі. Ухіл па-ранейшаму на грамадзянска-патрыятычнае і экалагічнае выхаванне. Прадоўжыцца рэалізацыя праекта па здаровым ладзе жыцця і работа базавай групы, выхаванцы якой будуць дапамагаць у добраўпарадкаванні тэрыторый і па асваенні курса атрымаюць спецыяльнасць «Рабочы зялёнага будаўніцтва».

– Галоўная задача – захаваць усе набыткі і напрацоўкі, якія маем, – падводзіць вынік размовы дырэктар.

Алена Вароніна.
Фота аўтара.

← Предыдущая

Профсоюз Миорской ЦРБ оказал помощь к школе многодетным семьям

Назад к списку
Следующая →

Рамантуем царкву разам

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]