Антону Фурсу из села Язно исполнилось 90 лет

gazeta
  • 560

Антону Фурсу из села Язно исполнилось 90 летУ канцы красавіка земляку Антону Фурсу, які нарадзіўся ў вёсцы Язна, споўнілася 90 год. Таленавіты чалавек з вельмі цяжкім лёсам—аўтар вершаў пра радзіму і маладосць. Захапляецца, здавалася б, самымі простымі рэчамі такімі як цішыня ночы і песня ракі… 

 

Гісторыю жыцця Антона Віктаравіча ўпершыню пачула ад мясцовага краязнаўцы Уладзіміра Ляўковіча. Ён пазнаёміў нас. Напачатку гэта было тэлефоннае знаёмства, а пазней, падчас святкавання ў Язне Прэабражэння Гасподняга, ўпершыню сустрэліся, пасябравалі. Суразмоўца расказаў пра сябе.


Першыя гады сям'я жыла ў доме святара. Яго жонка матушка Вольга была хроснай маленькага Антошкі. Бацькі хлопчыка дапамагалі сям'і святара весці гаспадарку. Пазней пераехалі ў свой дом у суседнюю вёску Курылавічы.
Антон Фурс вучыўся ў Язненскай школе ў вельмі складаны час. У 30-х гадах наша мясцовасць знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай. У навучальнай установе выкладалі на польскай мове. За размовы паміж сабой на мясцовай трасянцы можна было атрымаць ад настаўніка лінейкай па пальцах, што вельмі крыўдна і запамінальна.


У верасні 1939-га адбылося ўстанаўленне савецкай улады. Мова ў школе спачатку была руская, а падчас вайны беларуская, але з напрамкам палітыкі нямецкага рэжыму. Пасля заканчэння сёмага класа Антон разам з сябрамі паступіў у Глыбоцкую прагімназію. У 1945 годзе пачаў вучобу ў Глыбоцкім педагагічным вучылішчы. Мова зноўку руская. Хлопцы і дзяўчаты, навучэнцы педвучылішчаў з Глыбокага і Пастаў, аб'ядналіся ў гурток "Саюз беларускіх патрыётаў". Такім чынам дабіваліся мірнымі сродкамі, каб выкладанне вялося на роднай мове.


Люты 1947-га падзяліў жыццё Антона Віктаравіча на "да" і "пасля". Усіх сяброў Саюза беларускіх патрыётаў арыштавалі. Некалькім быў прысуд—смяротная кара, якая пазней заменена на 25 гадоў зняволення. Антон Віктаравіч атрымаў 15 гадоў. Большую частку тэрміну адбываў у Казахстане, а яго будучая жонка Алеся Умпіровіч—у Мардовіі. Там пасябравалі з вядомай беларускай паэткай Ларысай Геніюш. Пранеслі гэта сяброўства праз усё жыццё.


У 1957 годзе пасля вызвалення Антон Фурс і Алеся Умпіровіч стварылі сям'ю. Вярнуліся на радзіму, але паколькі іх нідзе не бралі на працу, паехалі зноў у Казахстан. Тут Антон Віктаравіч працаваў на шахце. Хутка нарадзіліся дачка і сын. У 1982-м нарэшце вярнуліся на родную зямлю ў Паставы. Па справе Саюза беларускіх патрыётаў праходзілі больш за 30 чалавек. Засталіся ў жывых толькі яны.


У маі 1992 года Антона Віктаравіча рэабілітавалі. У пісьме за подпісам намесніка старшыні КДБ Беларусі сказана: "Мы прыносім Вам глыбокае прабачэнне за дапушчаную ў мінулым боль і несправядлівасць у адносінах да Вас".


А што ж было ў мінулым? Па словах Антона Фурса, цяжкая праца. Асабліва зімой, калі снег і мароз пад сорак градусаў. Ра-ніцай атрымаеш кавалак хлеба і разумееш, што трэба пакінуць крыху на абед. А сіл няма, так хочацца ўсё з'есці. Што рабіць? Думаеш пра што-небудзь добрае ў мінулым, вершы складаеш. Стараешся іх захаваць у памяці, запісваць не было чым.


—Гэтыя вершы былі напісаны аднымі з першых у маім жыцці, вярней створаны ў памяці,—кажа таленавіты зямляк.—Захаваліся яны толькі таму, што былі першымі і дзякуючы ім я крыху забываўся на маю няволю. Калі ж вельмі хацелася есці, то я стараўся думаць аб нечым светлым і ўзнёслым…
Дарэчы, вось некаторыя з вершаў: 

 

Люблю цябе, люблю Радзіма,
Ты кветка і песьня салаўіна.

Люблю я ночку, што здаецца,
Нічым, нічым не шалахнецца,
Адно, дзесь птушка адзавецца
І рэха з поля адзавецца.

Люблю я рэчку, плюскат вод
І бераг нізкі, увесь падмыты.
І вадзяністых мошак карагод.
І човен, кімсь даўно забыты.

І хатку бацькаву, і гумны,
І сонца бляск угары над намі.
І нават могільнік той сумны
З сваімі збутвелымі крыжамі.

Люблю цябе, люблю Радзіма,
Бо ты адна, бо ты адзіна.

***

Ці помніш ты, ці помніш ты
Студэнцтва мілыя гады?
Ты больш ужо не ўбачыш іх,
Такіх прыгожых, маладых.

Як кветка ранняю вясной
Зіяла дзіўнай ты красой.
І ў чорнай, непрагляднай цьме
Жыццё аздобіла ты мне.

Гады міналі нібы ў сне
Усмешкі ты дарыла мне.
І іх, чароўныя, як знаў,
У сэрцы я сваім хаваў.

Я помню іх, я не забыў,
Аб іх я марыў, аб іх сніў…
І сёння, хоць на міг,
Прашу цябе—успомні іх.

 

Алесі…

Не кажы, што жыццё надаела,
Не кажы, што замучана ты.
І не вер, што вясна праляцела
І на дрэвах пажоўклі лісты.

Не сумуй, што замала гулялі,
Што так цяжка ў жыцці нам было.
Не сумуй, што замала кахалі,
Бо каханне—ці ж змерыш яго?

Разам будзе з табою нам лёгка,
Разам будзем мы жыць і тварыць.
Ты пісаць будзеш многа палотнаў,
А я рыфмы ў вянок буду віць.

І каханне яшчэ больш з'яднае
Двое сэрцаў, што б'юцца ў адно.
І вярнецца пара залатая,
Аб якой мы так марым даўно.

***

Хочацца пажадаць Антону Віктаравічу здароўя, духоўнай  і фізічнай моцы, новых сустрэч са сваімі землякамі.

Вы прайшлі доўгі шлях, цяжкі шлях—поўны бед, ліхалеццяў. І нішто не змагло Вас прыгнуць, на калені паставіць, зламаць.
Вы выхавалі дастойных дзяцей: дачку і сына. Вы пранеслі па жыцці, як святыню—родную мову.
Хай далейшы Ваш шлях будзе светлым і радасным у акружэнні і пры падтрымцы блізкіх і сапраўдных сяброў.

Ірына СТОМА.

← Предыдущая

Подарок детям к празднику

Назад к списку
Следующая →

"Семейный вернисаж" в Миорском районном Доме культуры

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]