16 Сентября 2025

Человек года Витебщины: История Эдуарда Терешко

gazeta
  • 1275

 На працягу паўстагоддзя аб’ядноўвае людзей на падставе патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа энтузіяст Эдуард Цярэшка. Дзякуючы яму пра нашу маленькую Дзісну ведаюць і за межамі краіны. Летась аўтапрабег «Дарогамі вайны, дарогамі Перамогі», які арганізуе член раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, набыў статус міжнароднага.

Застаць на адным месцы Эдуарда Цярэшку не так проста – ён заўсёды ў шляху, у справах. Што каштоўна, тэрыторыя яго клопату не мае граніц. Развівае не толькі сваё прадпрыемства (як індывідуальны прадпрымальнік), прапануе і ўвасабляе ў жыццё праекты па добраўпарадкаванні роднага горада. У ліку нядаўніх – звон (рус. колокол), які з’явіўся на яўрэйскіх могілках, аглядавая пляцоўка з альтанкай на беразе ракі ў парку і рамонт дарогі ля рынка. Найбольш маштабны – героіка-патрыятычны комплекс «Дзісненскі рубеж». Тут і прызначыў сустрэчу.

Эдуарда Казіміравіча ведаюць як арганізатара аўтапрабегу «Дарогамі вайны, дарогамі Перамогі». Калі пачынаў, яму было ўсяго 22 гады. Што рухала маладым настаўнікам?

– У 1975 годзе прыйшоў працаваць у школу майстрам вытворчага навучання. Убачыў ветэранаў, якіх вялі пад рукі на мітынг. Яны ваявалі, але ніколі не хваліліся сваімі заслугамі, – дзеліцца дзісненец. – Мой бацька – партызан, разведчык – не расказваў нам, як быў паранены. Пазней памёр ад аскепка. Але я памятаю, як ён сядзеў з камандзірам атрада, а я ціхенька слухаў, пра што яны гаварылі.

У свой першы аўтапрабег хлопец адправіўся разам з двума ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Узгадвае, што для іх гэта было сапраўднае свята. У яго асабістым аўтапарку ўжо было тры матацыклы. Сёння за плячыма мноства такіх сустрэч і кіламетраў. Эдуард Казіміравіч захоўвае ў архіве ўсе фота- і відэаматэрыялы, аднак самае галоўнае застаецца ў памяці. Дапамагаў праводзіць у апошні шлях ветэранаў вайны, у Дзісне іх было 87.

– Памятаю аднаго ветэрана з Мазурына, які пражыў 97 гадоў. Я штогод 9 мая наведваўся да яго з падарункамі і віншаваннямі. У гэты дзень да яго прыехала хуткая дапамога, а ён сказаў: нікуды не паеду, пакуль не прыедзе мой Эдуард Казіміравіч. Ён не дачакаўся вечара – памёр, а ў мяне на душы так было цяжка – не паспеў, – дзеліцца патрыёт.

Звычайна аўтапрабегі стартуюць на Дзісненскім рубяжы, дзе захоўваюць памяць пра гераізм байцоў 126-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Кузняцова, што на працягу васьмі дзён малым саставам вяла абарончыя баі. У ліпені 1941 года яна фарсіравала Заходнюю Дзвіну і разам з іншымі злучэннямі васямнаццаць дзён трымала абарону Полацка. Летась памяць пра яго была ўвекавечана ў памятным знаку. Помнік у гонар танкіста 159-й танкавай брыгады Міхаіла Кузьміна з’явіўся ля брацкай магілы воінам-вызваліцелям Дзісны ў 100-ю гадавіну з яго дня нараджэння.

Тэрыторыя комплексу ўяўляе музей пад адкрытым небам, месца, дзе варта праводзіць урокі гісторыі. Тут устаноўлены інфармацыйныя стэнды, што расказваюць пра гераізм нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай, і ваенная тэхніка. Кожны экспанат невыпадковы, усё стаіць па парадку. Сімвалізуе стралковую дывізію гармата. На месцы, дзё сёння макет танка, стаяў апошні танк. Іх згарэла 40 пры вызваленні населенага пункта, тры адзінкі тэхнікі было ўзята ў палон.

Расце аўтапарк, у якім КрАЗы, Уралы, ГАЗы, УАЗы, баявая разведвальная дэсантная машына. Як нараджаюцца маршруты па месцах баявой славы? Папярэдне патрыёт едзе і вывучае гісторыю месца. У ліку ўдзельнікаў аўтапрабегу – кіраўніцтва раёнаў і дэпутацкага корпусу, члены грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, моладзь, прадстаўнікі сілавога блока, ВДУ імя П. М. Машэрава, «Нафтана». Нярэдка яны звяртаюцца з прывітальным словам. Эдуард Казіміравіч застаецца ў цені. Жартуе:

– Чыталі Быкава «У бой ідуць адны старыя»? «Першая экскадрылья ў нас малайцы. Калі «Фокер» ці «Мэсар» заваліць – гэта другая, а калі што дастаць – гэта першая». Вось я ў другой, ціхенька.

Запрашаюць Эдуарда Цярэшку ва ўніверсітэт на мерапрыемствы, мае медалі за патрыятычнае выхаванне моладзі. Рэктар Валянціна Багатырова падзялілася, што для машэраўцаў ён не проста ўзор для пераймання, а сапраўдны сябар.

Эдуард Казіміравіч усё робіць ад душы, па сумленні. Усталяваў памятны знак у гонар загінулых савецкіх салдат у гады Вялікай Айчыннай у вёсцы Кузняцоўка Себежскага раёна Расійскай Федэрацыі. Падарыў макет баявой машыны «Кацюша» ў Ідрыцу Пскоўскай вобласці.

– Варта пакінуць пра сябе добрую памяць. А навошта жыць, калі ты нікому не патрэбны?! – здзіўляецца патрыёт. 

Сёлета Эдуард Цярэшка стаў «Чалавекам года Віцебшчыны», а напярэдадні Дня народнага адзінства ўдзельнічаў ва ўрачыстым сходзе ў Авальным зале Дома Урада, дзе прадстаўляў Віцебшчыну ў рамках работы па патрыятычным выхаванні моладзі. Яму аб’яўлена падзяка Старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Падчас мерапрыемства Ігар Сергяенка падкрэсліў, што сёння, як ніколі, патрэбны дзейсны патрыятызм і актыўная грамадзянская пазіцыя. Тое, што аб’ядноўвае ўсіх удзельнікаў сустрэчы.

– І менавіта гэта падкрэсліваў Кіраўнік дзяржавы, кажучы пра тое, што «патрыятызму нельга навучыць. Можна толькі паказаць прыклад сваёй шчырай любоўю да роднай зямлі, гордасцю за дасягненні свайго народа, беражлівымі адносінамі да гістарычнай спадчыны, павагай да традыцый і каштоўнасцей многіх пакаленняў беларусаў, канкрэтнымі справамі на дабрабыт краіны», – гаварыў Ігар Пятровіч.

Падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы Эдуард Казіміравіч. Па яго словах, наш народ не раз імкнуліся закаваць у аковы, але дзякуючы дзеянням Прэзідэнта ў нас усё стабільна.

– Ехаў дадому і ўсю дарогу думаў: некаторыя жадаюць яму здароўя, але, каб яно было, трэба выконваць даручэнні, якія ён дае. Шчыра і добрасумленна, – падсумаваў патрыёт. 

Алена ВАРОНІНА.

← Предыдущая

Подарок детям к празднику

Назад к списку
Следующая →

Творчество в каждом уголке: как Раиса Крук из агрогородка Повятье благоустраивает свой двор

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]