15 Сентября 2025

Татьяна Базылева из деревни Цветино: -Книги стали профессией

gazeta
  • 1041

 Чытаць кнігі Таццяна Базылева любіла з дзяцінства. Гэтае захапленне ішло з ёй па жыцці. Пяць гадоў таму кнігі сталі прафесіяй. Таццяна – бібліятэкар Цвецінскай сельскай бібліятэкі.

Акцэнт на роднай мове

Звяртае на сябе ўвагу стэлаж «Чытаем на роднай мове». Тут кнігі беларускіх аўтараў для дарослых і дзяцей.

– Адзін з накірункаў дзейнасці бібліятэкі – папулярызацыя беларускай літаратуры на роднай мове. У гэтых твораў ёсць свой чытач, – заўважае бібліятэкар. – Мне таксама па душы беларускія кнігі. Падабаюцца Іван Мележ, паэзія Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У фондзе Цвецінскай сельскай бібліятэкі 5 527 кніг. Плюс перыёдыка. Для кожнага знойдзецца літаратура на густ, адзначае Таццяна Базылева. Хтосьці аддае перавагу замежнай класіцы і гістарычнай прозе, камусьці па душы дэтэктыўныя гісторыі, жанчыны часта выбіраюць раманы пра каханне.

Месціцца на паліцах адна з любімых кніг бібліятэкара – гістарычны раман Валянціна Кастылёва «Іван Грозны».

– Тры разы перачытвала. Нават не магу сказаць, што мяне ў гэтым творы вабіць. Можа быць, апісанне ладу жыцця дзяржаўных кіраўнікоў і простых людзей, – гаворыць Таццяна Базылева.
Каштоўнасцю лічыць бібліятэкар пісьмы ваеннай пары салдата Ігара Пацёміна, які загінуў і пахаваны ў вёсцы Копцева, што паблізу Цвеціна. У свой час гэтыя лісты сваякі воіна перадалі ў мясцовую школу, калі ўстанову зачынілі, яны трапілі ў бібліятэку.

Захапленні знаходзяць прымяненне

Не бывае такога дня, каб у бібліятэку не зазірнулі чытачы. Візіты фіксуюцца ў журнале. Як сведчаць запісы, за дзень прыходзіць пяць – дзесяць чалавек.
– Для сельскай бібліятэкі гэта нямала, – адзначае суразмоўніца. – Хочацца прывабіць людзей. Афармляю выставу новых паступленняў. Ля ўваходу фотавыстава, дзе адлюстроўваюцца падзеі мясцовага жыцця, здымкі перыядычна змяняюцца. Вось задумала сфатаграфаваць сельскіх гаспадароў на іх добраўпарадкаваных падворках.
Таксама на ўваходзе вабіць позірк стылізаванае дрэўца, «крона» якога змяняе выгляд у залежнасці ад сезону. Дэкор бібліятэкар майструе сваімі рукамі, і гэта прыносіць асалоду. Як і догляд за клумбамі на тэрыторыі. У гэтым дапамагаюць супрацоўнікі мясцовага Дома культуры. Бібліятэка і СДК у Цвеціне знаходзяцца ў адным будынку.

– Кнігі, кветкі, рукадзелле – мае захапленні, цудоўна, што ім знаходзіцца прымяненне на рабоце, – гаворыць Таццяна. – Калі б пачаць жыццё спачатку, адразу выбрала б прафесію бібліятэкара.

Цікавая творчая справа

Па дыпломе Таццяна Базылева гароднінавод. Пасля тэхнікума ўраджэнка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці працавала майстрам-гароднінаводам у цяплічнай гаспадарцы. Змяніць сферу дзейнасці і месца жыхарства прымусіла аварыя на Чарнобыльскай АЭС. У 1990 годзе з мужам пераехалі ў Цвеціна. Атрымалі тут кватэру, затым з дапамогай мясцовага сельгаспрадпрыемства пабудавалі дом. Таццяне давялося асвойваць новыя прафесіі. Жывёлавод, а затым асемянатар на свінакомплексе, лабарант, а пасля вартаўнік у школе, тэхработнік у Доме культуры.
Калі прапанавалі працаваць у бібліятэцы, сумнявалася.

– Чалавеку старонняму гэтая справа здаецца простай. Пачынаеш у яе ўнікаць – сутыкаешся з пэўнымі складанасцямі. Найбольш непакоіла дакументацыя, аднак з часам разабралася. Удзячна дырэктару Міёрскай цэнтральнай бібліятэкі Таццяне Цыцылінай і яе камандзе за падтрымку і дапамогу, – адзначае суразмоўніца. – Да работы ў бібліятэцы я не мела ніякага дачынення да сферы культуры. Цяпер прафесія абавязвае развіваць арганізатарскія здольнасці. Па сваёй прыродзе я сціплая і сарамлівая, таму кожны раз перад мерапрыемствам даводзіцца пераадольваць сябе.

Перыядычна Таццяна ладзіць мерапрыемствы ў бібліятэцы. Да прыкладу, тут збіраліся на пасядзелкі шматдзетныя сем’і, у Дзень роднай мовы ўдзельнічалі ў конкурсах і забавах дзеці.

– Таня прыцягвае людзей сваёй абаяльнасцю. Яна творчы чалавек і на сваім месцы. Такіх энтузіястаў яшчэ пашукаць. Бачылі б, якую навагоднюю фотазону зладзіла ў першы год работы, – гаворыць пра бібліятэкара пастаянны чытач Ія Яленская. – З задавальненнем прыходзім сюды і за кнігамі, і за парадамі, і проста за прыемнымі стасункамі.
Як заўважае сама Таццяна Базылева, з усіх сфер дзейнасці, дзе давялося працаваць, справа бібліятэкара аказалася самай цікавай. Рада, што адкрыла гэтую прафесію. А прафесія раскрыла яе. 


Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Подарок детям к празднику

Назад к списку
Следующая →

Валерий Драбо встретился с коллективом ДРСУ №203

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]