30 Мая 2023

Іван ДЗМІТРЫЕЎ раскажа пра сваю работу настаўнікам ў Новапагосцкай СШ

gazeta
  • 711

 Да канца навучальнага года застаюцца лічаныя дні. Для настаўніка Івана ДЗМІТРЫЕВА ён асаблівы, таму што першы. Выпускнік Полацкага педагагічнага каледжа працуе ў Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча.

У вучняў-пачаткоўцаў малады педагог выкладае выяўленчае мастацтва. Пяці- і сямікласнікі прыходзяць на ўрокі рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы, мастацтва. На занятках пануе атмасфера, у якой дзеці адчуваюць сябе ўтульна і камфортна.

– Растлумачыўшы тэму, цікаўлюся, каму што незразумела, і вучні падымаюць рукі. Радуе, што не баяцца спытаць ці штосьці ўдакладніць, – заўважае педагог. – На ўроках літаратуры цікава слухаць іх разважанні. Часам скажуць тое, на што сам не звярнуў увагу. Важна вучыць дзяцей бачыць сітуацыю з розных ракурсаў, развіваць іх кругагляд, незалежна ад таго прадмета, які выкладаеш. Прыемна, калі са званком гучыць здзіўленае: «А што, ужо ўрок скончыўся?»

На прапанову ахарактарызаваць сябе як настаўніка Іван Дзмітрыеў задумваецца. Не задаваўся такім пытаннем. Стасункі з дзецьмі сяброўскія, але з дыстанцыяй «настаўнік – вучань». На ўроку строгі па сітуацыі. Адносіны да ўсіх дзяцей роўныя, адзнакі – у залежнасці ад старання, ступені засвоенасці матэрыялу, актыўнасці.

Сваім першым працоўным месцам малады спецыяліст задаволены.

– Чакаў горшага, – усміхаецца ён. – Быў гатовы да таго, што вучні прымуць холадна ці нават варожа. Аднак памыляўся – адносіны добрыя склаліся. Адчуваю падтрымку калег. З якім бы пытаннем ні звярнуўся, на ўсё атрымаю адказ. Канешне, складанасці ёсць. Вучыўся весці класны журнал, выстаўляць адзнакі ў адпаведнасці са шкалой. Правяраючы кантрольныя работы, раюся са старэйшымі калегамі.

Звычайна ў раскладзе пяць урокаў. Падрыхтоўка, са слоў настаўніка, займае куды больш часу, чым хацелася б. Працуючы з планамі, імкнецца ўносіць у класічны ход урока творчы складнік, прадумвае разнастайныя віды дзейнасці.

У вольны час настаўнік-філолаг у рэжыме анлайн піша апавяданні ў сааўтарстве з іншымі аматарамі пісьменніцкай творчасці. Некалькі ўласных твораў размяшчаў на фікбуку (некамерцыйны сайт для аўтараў). Гэтае захапленне таксама адыграла ролю ў выбары прафесіі.

На выхадных Іван наведвае бацькоў у аграгарадку Сар’я Верхнядзвінскага раёна. У мэсанджарах пастаянна на сувязі з аднагрупнікамі, часам ладзяць сустрэчы афлайн, абмяркоўваюць свае працоўныя клопаты і ўражанні. Малады настаўнік намераны далей развівацца ў прафесіі. У планах атрымаць вышэйшую адукацыю.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Оксана Подява о ВНС : «Будущее региона в руках каждого его жителя"

Назад к списку
Следующая →

Петр КОВАЛЕВСКИЙ с Дисненского лесхоза расскажал о работе машинистом

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]