18 Июля 2024

Основам маляванки обучает в Миорской детской школе искусств Наталья Даргель

gazeta
  • 701

Так устроен человек: отражает через творчество свое стремление к красоте и мечте о счастье. Так рождается народное искусство. Один из его видов-рисованка. Декоративная роспись по ткани, распространенная в Беларуси в 20-60-е годы прошлого века, остается интересной в настоящем. Основам маляванки обучает в Миорской детской школе искусств педагог изобразительного отделения Наталья Даргель.

 Так уладкаваны чалавек: адлюстроўвае праз творчасць сваё імкненне да прыгажосці і мары пра шчасце. Так нараджаецца народнае мастацтва. Адзін з яго відаў – маляванка. Дэкаратыўны роспіс па тканіне, распаўсюджаны на Беларусі ў 20-60-я гады мінулага стагоддзя, застаецца цікавым у сучаснасці. Асновам маляванкі навучае ў Міёрскай дзіцячай школе мастацтваў педагог выяўленчага аддзялення Наталля Даргель.

Натхнёныя маляванкай

Простасць і загадкавасць маляванкі Наталля Эдуардаўна адкрыла для сябе дзесяць гадоў таму.

– Прапанавалі курсы па маляванцы ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Ехала проста за інфармацыяй і нават не думала, што гэтае мастацтва настолькі мяне зацікавіць і захопіць, – дзеліцца суразмоўніца. – Вяла курсы майстар з Глыбокага. Шмат цікавага расказвала пра гісторыю, сімволіку, тэхнікі маляванкі. Адразу пасля курсаў я набыла кнігу «Беларускія маляваныя дываны», каб яшчэ больш даведацца пра гэтае народнае мастацтва.

Педагог вырашыла пазнаёміць з маляванкай сваіх вучняў. Яны таксама зацікавіліся. Ужо праз год – у 2015-м – работам асобных навучэнцаў прысудзілі другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі «Ад прашчураў да зор», у

2017-м выставу маляванак юных мастакоў ладзілі ў Міёрскім гісторыка-этнаграфічным музеі.

– Калі толькі пачынала выкладаць маляванку, адна дзяўчынка думала пакінуць выяўленчае аддзяленне. Аднак захапілася роспісам па тканіне, зразумела, што ёй не хапае ведаў для пабудовы кампазіцыі, падбору колераў, і ўжо з іншай матывацыяй ішла на заняткі па жывапісе і малюнку, – расказвае педагог.

Акрамя навучання дзяцей, Наталля Эдуардаўна праводзіла майстар-класы па маляванцы для настаўнікаў выяўленчага мастацтва агульнаадукацыйных школ. Два гады таму разам з калегай Вольгай Чарняўскай, якая займаецца керамікай, прадстаўлялі Міёршчыну на рэспубліканскім форуме педагагічных работнікаў у сферы культуры.

– Прыемна, што нас запрасілі.

Удзельнічалі педагогі з Гродна, Наваполацка, іншых вялікіх гарадоў, – заўважае суразмоўніца. – Было бачна, што мастацтва маляванкі для многіх цікавае. Мне ў сваю чаргу радасна дзяліцца ведамі.

Мастацтва народнае: загадкавае і простае

Дакладна невядома, як з’явілася на свет маляванка. Аналізуючы розныя крыніцы, Наталля Даргель вылучае тры фактары. Першы – тканыя ці вышытыя дываны, якімі ўпрыгожвалі жыллё, аднак такі дэкор быў не з танных. Другі – роспіс скрыняў, які пасля пачалі прымяняць на тканіне. Трэці – падказкай для новага віду народнага мастацтва мог паслужыць маляваны фон, на якім было модна фатаграфавацца ў першай палове мінулага стагоддзя.

– Верагодна, гэтыя тры моманты трэба ўлічваць, гаворачы пра з’яўленне маляванкі. Шырокае распаўсюджанне ў Беларусі маляваныя дываны пачалі набываць у 20-я гады мінулага стагоддзя. З’явіліся майстры, якія іх малявалі. Рабілі гэта, як правіла, за сімвалічнае ўзнагароджанне, а часам увогуле за ежу, – расказвае педагог. – Асновай для маляванкі служыла даматканае льняное палатно. Яго фарбавалі ў чорны колер і пасля распісвалі маслянымі фарбамі. Пераважалі раслінныя матывы, некаторыя майстры адлюстроўвалі жывёл і людзей. Нярэдка маляванка была падарункам на вяселле, і на ёй размяшчалі ініцыялы маладых. Распісваючы дываны яркімі фарбамі, у іх увасаблялі ўяўленні пра шчасце і райскае жыццё. У маляванак свая сімволіка. Напрыклад, паўлін азначаў раскошу і дабрабыт, сосны – вечнасць. Часты сюжэт – пара птушак, што ляцяць насустрач адно аднаму. Гэта сімвалізуе лад і згоду паміж закаханымі.

Пазнаёміла Наталля Эдуардаўна з трыма тэхнікамі нанясення малюнка на тканіну.

Ад роспісу скрыняў пайшло штампаванне ці па-іншаму цацкаванне. Штампікі ў выглядзе розных фігур раней выразалі з караняплодаў – бурака, морквы, бульбы. На іх наносілі фарбу і пакідалі адбіткі на матэрыяле. Цяпер для штампікаў выкарыстоўваюць дрэва, гуму, лінолеум. Другая тэхніка – трафарэт. Яе прымянялі многія майстры. Гэта найбольш хуткі і найменш затратны спосаб роспісу.

– З дзецьмі спрабавалі і штампаванне, і трафарэты. Аднак асабіста мне найбольш падабаецца тэхніка свабоднага пэндзлікавага роспісу. Яна была самай распаўсюджанай у народных майстроў. Гэтыя тры тэхнікі можна камбінаваць, – заўважае суразмоўніца. – Увогуле маляванка аказалася не такой простай, як я калісьці думала. З аднаго боку наіўная і адначасова шматгранная і загадкавая. Разам з тым гэты від народнага мастацтва даступны для любога ўзросту.

Імёны майстроў

Маляванка выклікае асацыяцыі з імем ураджэнца Глыбоччыны, жывапісца, скульптара, этнографа і фалькларыста Язэпа Драздовіча. Яго маляваныя дываны вызначаюцца прапорцыямі і перспектывай, больш вытанчаным стылем са стрыманым каларытам і перавагай пастэльных тонаў. Часта выкарыстоўваў кампазіцыі медальённага тыпу. У работах сустракаюцца казачныя матывы, а таксама будынкі і замкі.

Свая сімволіка ў маляваных дыванах Алены Кіш са Случчыны, для якой роспіс дываноў быў спосабам зарабіць на жыццё. Часта адлюстроўвала ільвоў як сімвал сілы і абароны. Сярод вядомых твораў «Дзева на водах», «Ліст да каханага».

– Сваіх майстроў маляванкі мае і Міёршчына. Інфармацыі пра іх няшмат, аднак у мяне захоўваюцца фотаздымкі некаторых работ, – адзначае Наталля Даргель. – Мноствам птушак вызначаюцца дываны Міхаіла Іосіфавіча Марозькі з вёскі Пестуны. Вядома, што мастацтву роспісу ён вучыўся ў Сцяпана Дарожкі з Гір’ят. У Міёрах жыла Марыя Міхайлаўна Гарноўская, чые работы адрозніваюцца багаццем кветак, прыродных матываў і казачнымі сюжэтамі.

***

На занятках Наталля Даргель з вучнямі часта гартаюць альбомы з фотаздымкамі маляванак. Гэта трэба для фарміравання нагледжанасці, больш глыбокага адчування гэтага віду народнага мастацтва.

– Мне падабаецца маляванка. Хочацца, каб яна жыла і развівалася далей, – адзначае педагог. – Сучасных дзяцей усё складаней здзіўляць.

Разам з тым гэта стымул для асабістага развіцця і пошуку новых форм творчай дзейнасці.

Народнае мастацтва дэкаратыўнага роспісу па тканіне ў Наталлі Даргель і яе выхаванцаў выходзіць за свае класічныя межы. У тэхніцы маляванкі дзеці распісваюць цацкі, педагог дэкарыруе сумкі-шоперы і іншыя сувеніры.

У ТЭМУ
У маі 2023 года ў Заслаўі з’явіўся музей маляванкі. Тут сабрана каля 300 распісных дываноў. Сярод іх работы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Ім прысвечаны асобныя экспазіцыі.

ДАРЭЧЫ
У залежнасці ад памеру маляваныя дываны дзялілі на тры групы.
Вялікі дыван – 1,30 на 2 метры – вешалі ля ложка. Паўдываны – 0,6 на 1-2 метры – размяшчалі ў іншых месцах. Самыя маленькія памерам у 40 на 60 сантыметраў называліся макаткамі. Іх таксама выкарыстоўвалі як дадатковы элемент дэкору.

Кацярына Рынкевіч.
Фота Казіміра Блажэвіч.

 

← Предыдущая

Оксана Подява о ВНС : «Будущее региона в руках каждого его жителя"

Назад к списку
Следующая →

Лучшая идея по благоустройству = приз от руководства Миорского района

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]