21 Февраля 2024

Учительница Миорской СШ № 2 Вера Сушко: "Белорусский язык называют языком Янки Купалы и Якуба Коласа"

gazeta
  • 1059

Напевная, сочная, солидная, словно тканое полотенце. Так характеризует белорусский язык учительница СШ № 2 имени М. Изварина Вера Сушко.  Более тридцати лет учит ей детей и сама продолжает познавать богатство родных слов и глубину созданных ими образов в художественных произведениях.

 Напеўная, сакавітая, самавітая, нібы тканы ручнік. Так характарызуе беларускую мову настаўніца СШ № 2 імя М. Ізварына Вера Сушко. Больш за трыццаць гадоў вучыць ёй дзяцей і сама працягвае спазнаваць багацце родных слоў і глыбіню створаных імі вобразаў у мастацкіх творах.

Легла на душу

– Беларускую мову называюць мовай Янкі Купалы і Якуба Коласа. З павагай стаўлюся да творчасці гэтых класікаў беларускай літаратуры, іх творы вывучаем на ўроках. Аднак для мяне беларуская мова – гэта ў першую чаргу паэзія Максіма Багдановіча, проза Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, – гаворыць настаўніца. – Заўважаю дзецям, якая наша мова эканомная. Напрыклад, рускія блины из тертого картофеля па-беларуску называюць адметна і ёмка – дранікі. Або березовый сок – бярозавік. А словы валошка, канюшына. Якія яны мяккія, цёплыя, добрыя.

Разам з тым Вера Сушко адзначае, што для большасці сучасных вучняў беларуская мова гучыць як замежная. Ім складана размаўляць па-беларуску. Не разумеюць значэння слоў, што абцяжарвае ўспрыманне літаратурных твораў. Па сутнасці, родную мову дзеці, асабліва ў гарадскіх школах, чуюць толькі на ўроках.

– Зменшылася колькасць гадзін на беларускую мову і літаратуру. Да прыкладу, калі ў пятым – шостым класе літаратура ў раскладзе два разы на тыдзень, то ў восьмым у першым паўгоддзі – адзін раз, у другім – два. Размаўляем больш на якім уроку? Вядома, на літаратуры, – заўважае філолаг. – І класы вялікія. Калі раней па 15 – 20 вучняў было, цяпер па 28 – 30. За ўрок немагчыма кожнага спытаць. Да таго ж дзеці перасталі самастойна чытаць беларускія творы.

Школьніцай Вера Іванаўна чытала з асалодай. Летнія канікулы ў дзядулі з бабуляй на хутары ў Тычках праводзіла з кнігамі. Асабліва вабілі творы беларускіх аўтараў. Прафесію настаўніцы беларускай мовы і літаратуры выбрала па рэкамендацыі свайго педагога Ганны Мілецьеўны Стацэвіч.

– Калі пачала весці ўрокі, першым часам заўважала за сабой, што асобныя словы вымаўляю з яе інтанацыяй, – усміхаецца суразмоўніца. – Ганна Мілецьеўна цудоўна размаўляла па-беларуску. Хацелася на яе раўняцца. Беларуская мова легла мне на душу.

Творчасць класікаў праз прызму біяграфій

 Са студэнцкіх гадоў запала ў сэрца філолага паэзія М. Багдановіча. Пісала курсавую работу па кнізе Леаніда Зубарава «Максім Багдановіч». Асэнсаваўшы жыццёвы шлях пісьменніка, па-іншаму пачала глядзець на яго творчасць.

– Вясёлых вершаў у Багдановіча няма. Праз паэзію дзяліўся сваімі перажываннямі, думкамі, марамі. Паглядзіце на яго не як на паэта, а як на чалавека, – прапаноўвае настаўніца і прыводзіць факты біяграфіі: – У тры гады застаўся без маці. Гэта трагедыя для дзіцяці. Бацька пасля некалькі разоў быў жанаты. З маленства жывучы ў Расіі, Максім самастойна вывучыў беларускую мову. Адкуль у яго такое жаданне? У юнацтве пакахаў дзяўчыну, якую цётка адгаварыла з ім сустракацца з-за яго хваробы. Пасля выпадкова даведаўся, што каханая выйшла замуж за яго сябра. Як гэта балюча… Родны бацька не прымаў творчасць сына. А ведаеце якая ў паэта была мара? Пра дачушку Ганначку. Простая жыццёвая мара. Памёр Максім Багдановіч ад сухотаў у адзіноце. За яго труной ішла толькі хатняя гаспадыня.

Бачыць у творцы перш-наперш чалавека вучыць Вера Іванаўна школьнікаў. Звяртае ўвагу на адметныя факты біяграфіі і сямейныя гісторыі. Вывучаюць байкі Кандрата Крапівы – раскажа, чаму бацькі-сяляне менавіта так назвалі сына. Хлопчык нарадзіўся ў сям’і, дзе ўжо памерла шасцёра дзяцей. Каб рос здаровым і дужым, параілі назваць яго, як і бацьку. Кандрат Крапіва пражыў 94 гады. Чытаюць Уладзіміра Караткевіча – настаўніца нагадае пра яго моцны характар. Некалькі разоў рэжысёр коласаўскага тэатра прасіў унесці праўкі ў п’есу «Віцебскія званы», якую да юбілею горада ставілі на сцэне. Аўтар не пагадзіўся.

– Таму што ў Караткевіча кожнае слова прадуманае і лішніх няма. Пераставіш, памяняеш, выкінеш – адразу губляецца сэнс, – тлумачыць настаўніца-філолаг. – Вучням нагадваю, што яго творы трэба чытаць уважліва, учытвацца ў кожнае слова. Дарэчы, пісьменнік практычна не пісаў чарнавікі.

Ад чытацкіх дзённікаў да буктрэйлераў

 У Веры Іванаўна любімы твор У. Караткевіча – аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Кожны раз перачытвае з асалодай. Аднойчы старшакласнікі знялі буктрэйлер па творы. Толькі паляванне не на конях скакала, а на веласіпедах ехала. Атрымалася крэатыўна.

Зацікавіць дзяцей кнігай настаўніцы дапамагаюць творчыя заданні на лета. Да прыкладу, пяцікласнікі вялі чытацкія дзённікі. У іх адзначалі, чым спадабаўся твор, што ў ім хацелася б змяніць, хто з герояў падобны да іх, ацэньвалі прачытанае зорачкамі. Сямікласнікі здымалі буклукі. У цэнтры фота кніга, а побач прадметы, якія адлюстроўваюць яе змест.

Сама настаўніца летам чытае лёгкія раманы для разгрузкі. З пачаткам навучальнага года зноў вяртаецца да класікі і ў шмат разоў перачытаных радках знаходзіць для сябе новыя сэнсы. Вучням дае права на ўласнае меркаванне і ўспрыманне твора і не раіць звяртацца да крытыкі.

– Літаратура – гэта не матэматыка, не фізіка, не хімія. Тут трэба выказаць сваю думку і падмацаваць яе некалькімі аргументамі, – адзначае філолаг. – У свой час асобныя разважанні па-сапраўднаму здзіўлялі. Неяк вучаніца параўнала Ганну Чарнушку з Ганнай Карэнінай і прывяла пераканаўчыя довады. Вучань заўважыў, што Яўхім Глушак, калі б выхоўваўся ў іншым асяродку, вырас бы іншым чалавекам.

Цяпер Вера Іванаўна выкладае беларускую мову і літаратуру ў шостым, сёмым і восьмым класах. Прыгожа гучаць з яе вуснаў родныя словы. Можа быць, таксама лягуць камусьці на душу. Як некалі ёй.

У ТЭМУ
Разам з адметнасцю і самабытнасцю беларускай мовы Вера Іванаўна раскрывае дзецям веліч і прыгажосць роднай краіны. Для сваіх шасцікласнікаў распрацавала віртуальную экспедыцыю «Збяром Беларусь у сваім сэрцы». Гульня складаецца з трох этапаў. Для кожнага класны кіраўнік распрацавала лэпбукі – альбомы з заданнямі. Выконваючы іх, дзеці ўжо паглыбілі веды пра сваю Міёршчыну. Нядаўна прайшлі этап «Віцебшчына – непаўторны край». Трэцяя прыступка – адметнасці ўсёй Беларусі.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

← Предыдущая

Оксана Подява о ВНС : «Будущее региона в руках каждого его жителя"

Назад к списку
Следующая →

Что делать, если пришли на избирательный участок без паспорта?

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]