05 Декабря 2023

Разобраться в ситуации и помочь ее исправить - таким принципом в работе руководствуются в Язно

gazeta
  • 956

Разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы яе выправіць - такім прынцыпам у працы кіруюцца ў Язне  

Разабрацца ў сітуацыі і дапамагчы яе выправіць. Такім прынцыпам у рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі і праблемнымі дзецьмі кіруюцца ў Язне. Дзейнасць суб’ектаў прафілактыкі абмеркавалі на выязным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.

Два накірункі

Прафілактыка безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх – адна з актуальных сацыяльна значных мэт выхаваўчай работы, падкрэсліла дырэктар Язненскай СШ Людміла Гваздоўская. Ва ўстанове працуюць па двух накірунках. Мерамі агульнай прафілактыкі ахоплены ўсе навучэнцы. У школе праходзяць тэматычныя мерапрыемствы, сустрэчы з праваахоўнікамі, выратавальнікамі, загадчыкам мясцовай амбулаторыі. Сацыяльная прафілактыка мае на ўвазе выяўленне непаўналетніх і сем’яў, што маюць патрэбу ў павышаным кантролі. Гэта таксама сумесная дзейнасць зацікаўленых служб.

Па стане на 1 снежня, адна сям’я з двума непаўналетнімі мае статус СНС (сацыяльна небяспечнае становішча). У пачатку навучальнага года дзевяць дзяцей з чатырох сем’яў былі прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. У трох сітуацыя нармалізавалася, іх знялі з уліку, але пакінулі ў полі зроку.

Школа выступае ініцыятарам разгляду бацькоў, якія не выконваюць сваіх абавязкаў у адносінах да дзяцей, на савеце грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама. За дзевяць месяцаў накіраваны два хадайніцтвы.

Тры парушальніцы

Пад асаблівай увагай падлеткі, якія ўчынілі правапарушэнні. З імі праводзяць індывідуальную прафілактычную работу, акцэнт – на занятасці ў пасляўрочны час. Ва ўстанове прапануюць выбар з 17 факультатыўных заняткаў, дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах розных накірункаў, праходзяць мерапрыемствы ў шосты школьны дзень.

Старшы інспектар ІСН Святлана Хаданёнак нагадала, што з пачатку года тры вучаніцы Язненскай СШ сталі фігурантамі двух адміністрацыйных матэрыялаў і аднаго ў рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Што да апошняга, мела месца распаўсюджванне матэрыялаў парнаграфічнага характару. Крымінальную справу ў адносінах да непаўналетняй не ўзбудзілі, паколькі не дасягнула адпаведнага ўзросту. Цяпер яна студэнтка і па месцы вучобы з ёй працягваецца індывідуальна-прафілактычная работа. Адміністрацыйныя правапарушэнні – ужыванне спіртных напояў у грамадскім месцы і кіраванне аўтамабілем без правоў.

Сям’я – галоўны выхавацель

Супрацьпраўныя паводзіны дзяцей часцей за ўсё паказчык сямейнай нядобранадзейнасці. Менавіта сям'ю лічыць галоўным выхавацелем старшыня Язненскага сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч. Адзначыла, што ў сучасных рэаліях прэстыж сям’і падае, аслабляюцца сваяцкія і бацькоўска-дзіцячыя адносіны. Нярэдкія выпадкі, калі ў доме маюць месца п’янства, гвалт і жорсткае абыходжанне з непаўналетнімі.  Гэта і ёсць асноўныя крытэрыі нядобранадзейнасці. Чым раней яе выявіць, тым больш шанцаў на эфектыўную работу на шляху да выпраўлення сітуацыі.

Як расказала Валянціна Мікалаеўна, некаторых бацькоў на пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку на працягу года запрашаюць не раз. У некаторых сем’ях нядобранадзейнасць так бы мовіць перадаецца ў спадчыну. Прывяла прыклад: тату і маму пазбавілі бацькоўскіх правоў, іх дачка вырасла, сама стала маці, а з часам таксама страціла права ёй быць.

За час дзеяння прынятага ў лістападзе 2006 года Дэкрэта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей ў нядобранадзейных сем'ях» на тэрыторыі Язненскага сельсавета 17 непаўналетніх з шасці сем’яў засталіся сіротамі пры жывых бацьках. Ёсць выпадкі, калі тата і мама вярнулі сабе права выхоўваць дзяцей. Валянціна Мікалаеўна расказала пра сям’ю, дзе бацькі вядуць здаровы лад жыцця, у доме чысціня і парадак, нарадзілася яшчэ адно дзіця. Выпраўленню сітуацыі пасадзейнічала ў тым ліку падтрымка суб’ектаў прафілактыкі. У рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі на першым месцы імкненне разабрацца ў сітуацыі, з чалавечай цеплынёй паставіцца да праблемы і дапамагчы знайсці выйсце, падкрэсліла старшыня сельвыканкама.

Адмовіцца ад самаразбурэння

Злоўжыванне алкагольнымі напоямі – той крытэрый, па якім большасць сем’яў атрымлівае статус СНС. Сярод жыхароў Язненскага сельсавета такую шкодную звычку маюць 25,3 % насельніцтва, 41 чалавек знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага, прывёў лічбы загадчык мясцовай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Уладзімір Пашковіч. Заўважыў, што ў кожнага ёсць магчымасці для ўмацавання і захавання здароўя, аднак мала хто звяртаецца да медыкаў з пытаннем, што рабіць, каб быць здаровым. Між тым, згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, добрае самадчуванне на 50 % залежыць ад ладу жыцця.

Адну са сваіх задач мясцовая медустанова бачыць у папярэджанні развіцця шкодных залежнасцяў у насельніцтва, у тым ліку ў падлеткаў. Загадчык амбулаторыі прывёў лічбы рэспубліканскай статыстыкі: дзяўчаты пачынаюць курыць

у 12 -17 гадоў, спрабавалі цыгарэты 45 % хлопчыкаў, а кураць 24,3 %; толькі 4 % школьнікаў зусім не спрабавалі алкаголь, а 39 % вучняў 8-11 класаў ужываюць яго штотыдзень.

З мэтай прафілактыкі самаразбуральных паводзін сярод непаўналетніх урач чытае школьнікам лекцыі пра здаровы лад жыцця і наступствы шкодных звычак, закранае гэтыя тэмы на бацькоўскіх сходах. Разам з тым, як заўважыў Уладзімір Пашковіч, дзеці вучацца таму, што бачаць у сябе дома. Нядобранадзейныя сем’і таксама пад увагай медустановы.

Культура вольнага часу

Прычынай парушэнняў у асяродку непаўналетніх часам становіцца банальная незанятасць. Свае варыянты правесці вольны час цікава і з карысцю прапаноўваюць мясцовыя клуб і бібліятэка. У СДК дзейнічаюць чатыры гурткі для дзяцей розных узростаў, у тым ліку студыя дзіцячай песні, створаны драматычны калектыў, расказала загадчык установы Ларыса Бервячонак. Ладзяць конкурсы, пераможцаў якіх адзначаюць салодкімі прызамі.

Не толькі чытаць кнігі прыходзяць дзеці ў бібліятэку, заўважыла бібліятэкар Ларыса Карпава. Тут іх таксама чакаюць мерапрыемствы рознай тэматыкі. У тым ліку патрыятычныя, арыентаваныя на сямейныя каштоўнасці.

***

Паміж суб’ектамі прафілактыкі на тэрыторыі Язненскага сельсавета наладжана цеснае ўзаемадзеянне, якое можна прыводзіць у прыклад іншым, адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук, падводзячы вынікі пасяджэння. Разам з тым рэгіён мае сваю спецыфіку. Так, у Язненскай школе займаюцца вучні былых Цвецінскай, Папшулёўскай, Істаўскай, Завуццеўскай. Са 108 школьнікаў 88 на падвозе. Гэта ў пэўнай ступені ўскладняе кантроль за дзецьмі і іх сем’ямі. Асабліва ў час канікул. Пытанне занятасці непаўналетніх неабходна пастаянна трымаць пад увагай.  

У ТЭМУ
На пасяджэнні прынялі рашэнне вярнуць у сям’ю хлопчыка, якога 31 ліпеня прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Бацькі злоўжывалі алкаголем, тата ўчыняў скандалы. Пакуль дзіця знаходзілася ў сацыяльным прытулку, сітуацыя выправілася. Бацька закадзіраваўся, маці перастала злоўжываць алкаголем, паміж імі зніклі канфлікты. У поўным аб’ёме бацькі кампенсавалі сродкі на ўтрыманне дзіцяці, пастаянна трымалі з ім сувязь.

 Кацярына Рынкевіч.
Фота для ілюстрацыі.

← Предыдущая

Оксана Подява о ВНС : «Будущее региона в руках каждого его жителя"

Назад к списку
Следующая →

Перезаключаем договоры на оказание услуг электро-, тепло- и горячего водоснабжения

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]