09 Ноября 2023

Правілы бяспекі паўтарылі на свяце «Бяспечнае дзяцінства» ў Міёрскім дзіцячым саду № 1

gazeta
  • 872

 Запалкі не цацка, дарога не месца для гульні, з прадметамі быту трэба абыходзіцца асцярожна. Гэтыя простыя правілы бяспекі добра ведаюць выхаванцы дзіцячага сада № 1. Паўтарылі іх на свяце «Бяспечнае дзяцінства», што прайшло ва ўстанове ў рамках Тыдня бяспекі.

Галоўны герой праграмы – вясёлы і актыўны Нязнайка. То запаліць гучны салют дзецям прапаноўваў, то клікаў пагуляць з мячом на дарозе. Хлопчыкі і дзяўчынкі не пагадзіліся. Нагадалі кніжнаму госцю, якую небяспеку тояць агонь і дарога. Чыталі вершы і спявалі песні пра выратавальнікаў і асцярожнае абыходжанне з агнём, пра паводзіны на дарозе. Заварожыў «Танец агню» ў выкананні юных танцорак з доўгімі аранжавымі стужкамі ў руках. З задавальненнем дзеці гулялі ў пажарных і тушылі дом, разважалі, якія прадметы быту могуць быць небяспечнымі. І Нязнайку навучылі.

Завіталі на свята бяспекі дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Міёрскім раёне Вольга Вішнеўская і інспектар РАНС Дзмітрый Плотнікаў. Калектыў дзіцячага сада вядзе растлумачальную работу з бацькамі па пытаннях страхавання дзяцей ад няшчасных выпадкаў. Гэтую актыўнасць Вольга Віктараўна адзначыла сертыфікатам на пакупку ноўтбука для ўстановы.

– Для бацькоў самае галоўнае – бяспека дзяцей. Кожны хоча бачыць іх шчаслівымі, вясёлымі, здаровымі. Мы са свайго боку ў гэтым дапамагаем, – заўважыла госця.

Дзмітрый Плотнікаў адзначыў добрыя веды дзяцей па правілах бяспекі. У падарунак прынёс сшыткі для заняткаў па бяспецы. Будучым школьнікам спатрэбяцца.

Як заўважыла загадчыца ўстановы Нэлі Сініца, тэме бяспекі ў дзіцячым садзе надаюць шмат увагі. Частыя госці – супрацоўнікі РАНС, ДАІ, выратавальнай станцыі. Выхавацелі ў гульнёвай форме вывучаюць і паўтараюць з дзецьмі правілы бяспечных паводзін у быце, на дарозе, пры пажары і так далей.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

← Предыдущая

В Витебске прошел II областной слет молодых специалистов СМИ «Медиастарт»

Назад к списку
Следующая →

Слет юных спасателей прошел для школьников Миорщины

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]