11 Октября 2026

Заведующая отделом Миорского ЦКИНТ Александра Васина о своей профессии

gazeta
  • 39276

 

Сфера культуры – гэта не работа з дакладна вызначанымі часавымі рамкамі. Гэта лад жыцця. Крыніцамі матывацыі тут выступаюць любоў да сцэны і гледача, чые апладысменты, усмешкі і словы ўдзячнасці дораць энергію і натхняюць на новыя творчыя знаходкі і поспехі. Так лічыць загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі Міёрскага цэнтра культуры і народнай творчасці (ЦКіНТ) Аляксандра Васіна.

На работу з-за школьнай парты

На сцэне ЦКіНТ Аляксандра Васіна з 12 гадоў. Займалася ў тэатральным гуртку, іграла ў спектаклях, атрымлівала ўзнагароды на абласных конкурсах. Працаваць ва ўстанову культуры прыйшла з-за школьнай парты. Не шкадуе, што пасля школы не паступіла на тэатральны факультэт Акадэміі мастацтваў. Заўважае, ва ўчарашніх школьнікаў адразу стаць студэнтамі гэтай вну шанцаў няшмат. Завочна вучыцца па спецыяльнасці «сацыяльна-культурная дзейнасць» у дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

– Не заўсёды проста сумяшчаць работу і вучобу, але спраўляюся, – адзначае суразмоўніца. – Займаюся справай, якая натхняе. Гэта лад жыцця. Перад сном абдумваю сцэнарыі. Менавіта ў гэты час прыходзяць цікавыя ідэі.

Тэатр у прафесійнай дзейнасці Сашы займае значнае месца. У яе дзіцячым тэатральным калектыве займаюцца дзеці ад шасці да 12 гадоў. Далучае іх да мерапрыемстваў: элементы тэатралізацыі да месца і падчас мітынгаў, і на канцэртах. Адным са сваіх прафесійных поспехаў лічыць сёлетні канцэрт да Дня Перамогі, рэжысёрам якога выступала ўпершыню. Тэатралізаваная гісторыя пра салдата, які сыходзіць з манумента і распавядае маленькай дзяўчынцы пра вайну, і запамінальныя музычныя нумары знайшлі водгук у гледачоў.

З любоўю да сцэны і гледача

Выступае Аляксандра вядучай. Мітынгі, канцэрты, гульнёвыя праграмы. Гэтая роля па душы. Спявае ў вакальным калектыве «Родныя галасы», што таксама зараджае энергіяй.
– Люблю ўсё, што звязана са сцэнай, – дзеліцца культработнік. – Перад выхадам заўсёды хвалююся. Асабліва, калі вяду мерапрыемства, рэжысёрам якога з’яўляюся. У фінале накрывае эмацыянальная стомленасць. Найлепшы сродак аднавіць сілы – сон.

Як заўважае Саша, яна сама сабе крытык. Часам бывае вельмі патрабавальнай да сябе. Прыемна, калі блізкія ці зусім не знаёмыя людзі высока ацэньваюць яе работу.
– Падчас мерапрыемстваў назіраю за настроем залы, імкнуся адчуць яе энергію. Гледачы ўсміхаюцца, перагаворваюцца, апладзіруюць, устаюць на фінальную песню – значыць, ім спадабалася, – гаворыць Аляксандра. – Ацэнка гледача – гэта важна. Кожнае мерапрыемства – для людзей. І з любоўю да сцэны і гледача.

Поспех на «SuperПРОФІ»

Акрамя работы, Саша захапляецца фотаздымкай. Ладзіць творчыя фотасесіі для знаёмых. Цяпер менш часу на кнігі, па-ранейшаму вабіць класіка. Яшчэ ў вольныя хвіліны цікава вышываць узоры на абноўках у сваім гардэробе.

Гэтая восень для маладога работніка культуры актыўная і адметная. Задзейнічана на мерапрыемствах у рамках абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі». Затым чакае чарговая сесія ва ўніверсітэце. У лістападзе Аляксандра Васіна выступіць на рэспубліканскім этапе конкурсу «SuperПРОФІ». Стала пераможцай на раённым, заняла першае месца ў вобласці.
– Паўдзельнічаць у конкурсе прапанавалі калегі. Гэта цікавы новы вопыт, – заўважае. – Перамога на абласным этапе стала нечаканасцю. У маёй намінацыі было найбольш удзельнікаў. Вельмі здзівілася, калі аб’явілі вынікі.

Са слоў Сашы, далёкіх планаў яна не будуе. У ЦКіНТ адчувае сябе на сваім месцы, рада, што займаецца любімай справай і імкнецца да далейшага прафесійнага росту.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Выставка "Витебский феномен. XX / XXI" откроется 29 октября в минском Дворце искусства

Назад к списку
Следующая →

Ззяла “зорка” ў Пераброддзі

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]