15 Октября 2024

Место силы для Валентины Федькович из Язно это дом и родные места

gazeta
  • 849

Председатель Язненского сельисполкома Валентина Федькович - сельченка и по факту рождения, и по внутреннему убеждению. Даже в мыслях никогда не допускала сменить Приволье деревни на городской комфорт. С наслаждением вдыхает аромат сельского утра и слушает ее тишину, в которую с весны до осени вплетается птичье многоголосие. С радостью принимается за работу на земле и заботы по хозяйству. Для нее не существует места, лучшего того, где родилась и живет.

 Старшыня Язненскага сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч – сяльчанка і па факце нараджэння, і па ўнутраным перакананні. Нават у думках ніколі не дапускала змяніць прыволле вёскі на гарадскі камфорт. З асалодай удыхае водар сельскай раніцы і слухае яе цішыню, у якую з вясны да восені ўплятаецца птушынае шматгалоссе. З радасцю прымаецца за работу на зямлі і клопаты па гаспадарцы. Для яе не існуе месца, лепшага за тое, дзе нарадзілася і жыве.

Горад стамляе, вёска радуе

– Гукі і водар вёскі зусім іншыя, чым гукі і водар горада. Мне яны блізкія і дарагія, – гаворыць сяльчанка. – Не магу ўявіць, чым бы займалася ў гарадской кватэры. Горад мяне стамляе. Нават у дзяцей у гасцях не магу доўга заставацца. Вясковыя клопаты мне ў радасць. Зімой рукі так і просяцца ў зямлі пакапацца. Займаю іх выпечкай хлеба і булак.

Пасля няпростага рабочага дня, якіх у старшыні сельвыканкама нямала, Валянціна Фядзьковіч прыходзіць дадому, кідае сумку на канапу – і хутчэй у кветнік, на агарод, у цяпліцы. Работа на зямлі для яе выдатная тэрапія. Адсюль чэрпае сілы, зараджаецца энергіяй. Калісьці на падворку было шмат гадаванцаў, засталіся свінні. Няпроста было расстацца з каровай.

– У мяне стаўленне да каровы як да нечага святога. І цяпер, калі праязджаю міма поля, дзе жывёла пасвіцца, штосьці ў душы адгукаецца. Некалькі гадоў таму карову прадала. Дзеці загадалі сябе паберагчы, – гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – Раней жа і дзвюх кароў трымалі. Адна летам павінна была цяліцца. А як гэта ў мяне ў самую пару малака не будзе? Вырашыла другую купіць. Раніцай знайшла, удзень паехалі з дачкой паглядзелі, а вечарам забралі. Калегі з Празарокскай школы пасля доўга з гэтай гісторыі смяяліся, маўляў, людзі малако купляюць, а я, каб без яго не застацца, – карову. А ведаеце, як цікава апарос у свінні прымаць?! А лазня?! Мае добрыя знаёмыя і сябры ведаюць, што я жыву ад суботы да суботы. Не перадаць словамі тыя адчуванні, калі, папарыўшыся, абціраешся снегам ці абдаешся халоднай вадой. Уся стомленасць знікае.

Урокі адказнасці і мудрасці

Амаль усё жыццё Валянціны Фядзьковіч звязана з роднымі мясцінамі. Нарадзілася ў Канцэраве, вучылася ў Язненскай школе. Студэнцкія гады прайшлі ў Аршанскім педвучылішчы і на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзярж-

універсітэта. Першае месца працы настаўніцы чарчэння, малявання і працоўнага навучання – школа ў Лявонпалі. Праз год вярнулася дадому і ўладкавалася выхавацелем у дзіцячы сад у роднай вёсцы. Пасля адзінаццаць гадоў займалася з вучнямі-пачаткоўцамі ў Празарокскай школе, што за дзесяць кіламетраў ад Канцэрава. Дабіралася па-рознаму, нярэдка пешшу.

– Да гэтага часу падтрымліваю сувязь з тагачасным дырэктарам Зінаідай Іосіфаўнай Крупеняй і ўдзячна ёй за жыццёвыя ўрокі. Рада, што на маім шляху сустрэўся такі чалавек. Патрабавальная, але чалавечная, яна навучыла працаваць і адказна ставіцца да справы, – расказвае пра былога начальніка.

Важным урокам для Валянціны Мікалаеўны стаў бацькаў наказ, калі ёй – ужо педагогу сацыяльнаму Язненскай СШ – прапанавалі ўзначаліць сельвыканкам.

– Тата сказаў: табе давядзецца працаваць з людзьмі, побач з якімі жывеш, да ўсіх трэба ставіцца аднолькава, – праз гады прыгадвае бацькавы словы суразмоўніца. – Для мяне тата і мама ва ўсім былі прыкладам. Яны разам шэсцьдзясят гадоў пражылі.

 Правіла – быць чалавекам

На пасадзе старшыні сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч васямнаццаць гадоў. У стасунках з людзьмі імкнецца да кожнага ставіцца з дабрынёй і разуменнем. Імкнецца дапамагчы таму, хто мае ў гэтым патрэбу. Удзячнасці не чакае, дастаткова ўсведамлення здзейсненай добрай справы.

Першае правіла жанчыны-чыноўніка – вырашаць сітуацыі па-чалавечы. Прыгадвае гісторыю, калі дапамагла мужчыну, якога збіраліся накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый. У яго былі праблемы з алкаголем, аднак на крымінагенную абстаноўку ў вёсцы ніяк не ўплываў і супрацьпраўных дзеянняў не ўчыняў. У яго сям’і, няхай нядобранадзейнай, панавалі цёплыя адносіны паміж дзецьмі і бацькамі, дапамагаў пажылой маці, якая трымала дзвюх кароў. Старшыня сельвыканкама запісалася сведкай у суд, прывяла пераканаўчыя довады, і сяльчанін застаўся з сям’ёй. Пра тое, як гэта расцэняць праваахоўнікі, не хвалявалася.

Наконт чужога меркавання заўважае, што на яго сфарміраваўся імунітэт. Даводзілася праходзіць праз агонь, ваду і медныя трубы, толькі з апошніх гучала асуджэнне. Час усё расставіў на свае месцы.

– Лічу сябе моцнай жанчынай, – гаворыць суразмоўніца. – Многае давялося перажыць, здараліся перыяды, калі было няпроста спраўляцца з цяжкасцямі. Гэта прайшло. Навучылася цаніць тое, што маю цяпер, быць мудрай. Менавіта мудрасці пажадала ў свой час старэйшай дачцэ на паўналецце. Бываючы ў царкве, дзякую Богу за ўсё і прашу шчасця для дзяцей.

Сістэма каштоўнасцей

Найважнейшая каштоўнасць для Валянціны Мікалаеўны – дабрабыт сям’і. Мужа, дзяцей, унукаў. Рада, што шчасліва склалася жыццё ў дочак Анастасіі і Вікторыі. Шкадуе, што з-за пастаяннай занятасці на працы – нават у водпуску –  не магла надоўга браць унукаў на летнія канікулы. Іх чацвёра, старэйшаму ўжо сямнаццаць, малодшы пайшоў у першы клас. Спа-

дзяецца, што на пенсіі, куды магла пайсці паўгода таму, але затрымалася на працы, будзе больш часу для блізкіх людзей і любімых клопатаў.

– У мяне не ўзнікае пытанняў, чым буду займацца на адпачынку, – адзначае суразмоўніца. – Вырошч-

ваць кветкі, памідоры і іншую гародніну, пячы хлеб, булкі і торты, вязаць адзенне, пачну займацца скандынаўскай хадой. Дазволю сабе даўжэй паспаць і нікуды не спяшацца. Калі раптам стане сумна, пайду ў мясцовы СДК, даўно ёсць задумка паставіць з артыстамі самадзейнасці спектакль «Вечар» па п’есе Аляксея Дударава.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казміра Блажэвіча.

← Предыдущая

Как будет перекрыто дорожное движение на "Дожинки"

Назад к списку
Следующая →

17 октября в Николоевском сельсовете пройдет День информирования

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]