Высокі ўзровень
Чарговы адкрыты кубак раёна па валейболу сярод жаночых каманд прайшоў у пачатку снежня ў спарткомплексе ФСК “Атлант”. Удзельнічала ў ім шэсць каманд: дзве міёрскія — зборная і ДЮСШ, Віцебскага раёна, дзве з Шуміліна — зборная і ДЮСШ і Верхнядзвінска. Прывітальнае слова прамовіў да ўдзельнікаў турніру начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Іванавіч Жук, з парадкам правядзення спаборніцтваў пазнаёміў дырэктар ДЮСШ Валянцін Уладзіміравіч Шумілаў.
Некалькі хвілін камандам адводзілася для размінкі, апошнім штрыхом якой лічылася падача, а далей — гульня. Пачаўся турнір у 10 гадзін, а завяршыўся, калі на вуліцы было ўжо цёмна. Тое, што ў параўнанні з мінулымі разамі больш сабралася балельшчыкаў, ужо сведчыла, што гульні будуць цікавымі. Падтрымаць каманду прыехалі нават з Віцебскага раёна, а міярчане прыйшлі “ад малога да вялікага”. Аматары валейбола горача і з хваляваннем сачылі за працэсам: радаваліся поспеху і апладыравалі, воклічамі дадавалі баявога духу, а на промах адгукаліся з сумам, але і надзеяй.
Склад каманд, якія не першы раз прыязджаюць да нас на турнір з іншых раёнаў, практычна не змяніўся, а гэта сведчыць пра сыгранасць і прафесіяналізм.
Напрыклад, у шумілінскай камандзе ўсе жанчыны ў свой час закончылі спартшколу па накірунку валейбол. Адна з ігракоў, Анжэла Шафірава, зараз у водпуску па догляду за дзіцяці, выступала ў зборнай краіны на міжнародным турніры краін СНД, які праводзіцца раз у пятнаццаць гадоў. Шумілінцы з 1999 года ўдзельнічаюць у міжнародным турніры, які праходзіць у Расіі. Не аднойчы яны былі прызёрамі і пераможцамі розных спаборніцтваў. Гэтыя факты выразна гавораць самі за сябе пра ўзровень іх падрыхтоўкі. Нягледзячы ні на што знаходзяць час на трэніроўкі, якія праводзяцца два разы на тыдзень. Вось што расказвае старэйшы ігрок Рыта Бяззубенка, якая працуе аператарам МТС:
— Валейбол можна ў добрым сэнсе назваць хваробай. Гуляем заўсёды з аптымізмам і ахвотай, тым больш, што лічымся вопытнай камандай, а за плячыма шмат перамог. Запрашаем да сябе на трэніроўкі маладзейшых дзяўчат, праводзім на месцы ў сябе турніры. Нягледзячы на невялікія траўмы, удзельнічаем у спаборніцтвах заўсёды.
Забягаючы крыху наперад, прадстаўляем капітана каманды Верхнядзвінскага раёна Алену Палёную. Суседзі на турніры ва ўпартай барацьбе занялі першае месца. Яна з радасцю падзялілася сваімі ўражаннямі:
Практычна ўся наша каманда — выхаванкі Уладзіміра Віктаравіча Вішнякова. У ёй толькі адна студэнтка, астатнія — працуюць. На турнір у Міёры заўсёды едзем з радасцю, прывабліваюць цудоўная абстаноўка і арганізацыя спаборніцтваў. Каманды, якія тут збіраюцца, любяць валейбол. Па вашаму прыкладу таксама штогод у кастрычніку сталі праводзіць турнір імя В. Гагалінскага, былога дырэктара Верхнядзвінскай ДЮСШ. Працуюць групы “Здароўе” на базе школ, наведваем два разы на тыдзень заняткі.
Што да нашай перамогі на турніры, то, напэўна, дапамаглі ўпартасць, фартуна і характар, які выпрацаваўся трэніроўкамі. Інакш як мы б здолелі, праігрываючы з лікам 11:1 сапернікам, заваяваць перамогу. Шчыра дзякуем арганізатарам за прызы.
Каменціруе спаборніцтвы трэнер ДЮСШ і жаночай зборнай раёна Уладзімір Віктаравіч Вішнякоў:
— Праводзілі чарговы традыцыйны турнір зыходзячы з дзвюх мэтаў: агітацыя і прапаганда здаровага ладу жыцця праз валейбол, якім займаюцца людзі розных узростаў; стымуляванне трэніровачнага працэсу і выяўленне мацнейшых каманд.
У нашым раёне пабудавана ў пэўным сэнсе піраміда жаночага валейбола: ад дзяўчат 9-10 год і маладзейшых і да дарослых. Вельмі хочацца, каб гэты ланцужок стаў больш масавым. Школьніцы наведваюць заняткі ў ДЮСШ, а дарослыя — трэніроўкі ў групе “Здароўе”, што працуе на базе ФСК “Атлант”. Трэба адзначыць, што ўсе, хто займаецца рэгулярна, удзельнічаюць у спаборніцтвах рознага ўзроўню. Два разы на год праводзім турніры ў нашым горадзе, а таксама двойчы ўдзельнічаем у спаборніцтвах у Шуміліне, Верхнядзвінскім і Віцебскім раёнах. Дарэчы, трэнер, які працуе са зборнай Віцебскага раёна, што з’яўляецца чэмпіёнам рэспублікі сярод работнікаў аграпрамысловага комплексу, і з ахвотай прыязджае да нас з камандай, наш зямляк з вёскі Акунёва — Мікалай Мікалаевіч Мішута.
Між іншым, традыцыйным і папулярным становіцца ў нас і пляжны валейбол: два на два, чатыры на чатыры і змешаныя каманды, дзе гуляюць мужчыны і дзяўчаты. Стала магчымым гэта дзякуючы адкрыццю пляцоўкі ля спартзалы ДЮСШ. Удзельнічае наша каманда ў падобных спаборніцтвах і ў Верхнядзвінску.
У гэтым годзе, як і ў мінулым, не на карысць спартыўнаму выніку падзялілі зборную раёна на дзве каманды. Да старэйшых школьніц, ужо правераных “байцоў”, якія прайшлі змаганні на розных узроўнях, Ганны Пірог, Вольгі Жук і Юліі Грэцкай далучылі дзяўчат 1997 года нараджэння: Таццяну Арсоба, Ірыну Грыгор’еву, Дзіяну Дудалеву, Юлію Пахірка, Вікторыю Конах і Паліну Аніська.
У складзе другой зборнай гулялі нашы выхаванкі, а цяпер студэнткі розных ВНУ — Рыта Граковіч, Ксенія Алісеенка, Анастасія Грыгор’ева, Анастасія Яфімава, а таксама жанчыны з групы “Здароўе” — Валянціна Алісеенка (бухгалтар рэдакцыі), Наталля Мятла (супрацоўніца “Белаграпрамбанка”), Ірына Кубарка (бухгалтар райпа), Алена Уткіна (знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцяці). Станоўчы момант, што колькасць удзельнікаў у спаборніцтвах у параўнанні з мінулым годам павялічылася ў два разы.
Абедзве каманды нашага раёна выступілі нядрэнна, бо першая зборная заняла трэцяе месца, а другая — чацвёртае. Малодшыя валейбалісткі яшчэ губляліся ў складаных сітуацыях падчас гульні, а вось старэйшым не хапала сыгранасці.
У спаборніцтвах удзельнічалі каманды аднолькавага ўзроўню падрыхтоўкі, таму і гульні праходзілі дастаткова эмацыянальна, напружана, з невялікім адрывам у ачках, а часам лік у партыях даходзіў да 30 і больш.
Калі на падобным турніры ў кастрычніку, што праходзіў у Верхнядзвінску, першынство заваявала зборная Шуміліна, а нашы былі другімі, то зараз вікторыя дасталася Верхнядзвінску, а шумілінцы занялі пятую пазіцыю.
Прызёры спаборніцтваў ўзнагароджаны кубкамі і медалямі, капітаны і лепшыя ігракі каманд атрымалі падарункі. Лепшым іграком турніру прызнана міярчанка Рыта Граковіч, ёй уручаны арыгінальны прыз.
Удзельнікі турніру атрымалі цудоўны зарад бадзёрасці і энергіі. Ужо пасля ўзнагароджвання, развітваючыся, жадалі адзін аднаму здароўя і дабрабыту, а практычна ад кожнай каманды-ўдзельніцы паступілі абяцанні, што падрыхтуюцца яшчэ лепш і абавязкова стануць пераможцамі на наступным выпрабаванні — 24 снежня традыцыйны Калядны турнір у Шуміліне.
Для самых маленькіх аматараў валейбола, пакуль гледачоў, у час гульняў праводзілася экспрэс-латарэя. Трэба было “прадказаць” пераможцу спаборніцтваў і якія месцы зоймуць міёрскія каманды. Большасць юных балельшчыкаў глядзела турнір да апошняй гульні, самымі ж паспяховымі аказаліся прагнозы Крысціны Кузьміной, Дзіяны Урбановіч і Насці Пажарскай. Іх заахвоцілі салодкімі прызамі.
У каментарыі я ўзгадваў розныя ўзнагароды, прызы, паездкі на спаборніцтвы ў іншыя гарады. За імі стаяць канкрэтныя людзі. Гэта начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Іванавіч Жук і дырэктар ДЮСШ Валянцін Уладзіміравіч Шумілаў, а таксама асобы, чыя грамадзянская пазіцыя ўзрушвае сваёй бескарыслівасцю, імкненнем дапамагчы землякам, а асабліва юным спартсменам, у такі нялёгкі час.
Словы шчырай падзякі Аляксандру Кліпацкаму, Ігару Алісеенку, Валерыю Рабцаву, Дзмітрыю Сінкевічу, і канешне ж “душы” спорту, асабліва для юных валейбалістак і футбалістаў, Андрэю Чарняўскаму. Ім і іх сем’ям — здароўя і дабрабыту.
На здымку: Каманда Міёрскай ДЮСШ заняла трэцяе месца; стоп-кадр; юныя балельшчыкі.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.