У промнях Божага нараджэння
Свята Божага нараджэння ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах сустракалі вернікі асабліва. У гэты ж дзень на ўрачыстай святой імшы, якую служыў ксёндз-біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, дыяканскія пасведчанні склаў клерык Пінскай семінарыі Антон Лагунёнак, і 130 чалавек атрымалі сакрамэнт Канфірмацыі (Бежмавання). Абрад атрымання святла Духа Святога, як па-іншаму называецца Бежмаванне, удзяляўся пераважна моладзі ва ўзросце да 20 гадоў і каля 40 чалавекам старэйшага ўзросту, удзельнічалі ў ім не толькі міярчане, але і прыезджыя з навакольных раёнаў і бліжэйшых парафій.
Святар Уладзіслаў гаварыў пра важнасць утрымання веры ў сваім сэрцы ў нялёгкі час. І сёння ўзнікаюць розныя спакусы, а ў барацьбе з імі трэба мець цвёрдую веру.
Пасля службы і невялікага перапынку ў РДК моладзь і дзеці паказалі тэатралізаванае прадстаўленне да Божага нараджэння, падрыхтаванае па сцэнарыю арганісткі касцёла Анджэлы Кіпрушавай. Галоўныя дзеючыя асобы на сцэне — Кветкі палявыя, лясныя і што растуць ля дома, Грыбочкі, Ветрык, Анёлак, Авечачка, Воўк, Сабака і іншыя. Асноўная ідэя — чаканне нараджэння Езуса і пакланенне яму, панаванне дабрыні ва ўсім свеце.
Цэлая захапляльная гісторыя разгарэлася на сцэне. Пакуль стомленыя за доўгі шлях Кветкі спалі, з’явіўся Скрыпач, але і ён у хуткім часе задрамаў. У такі момант і, як у рэальным жыцці, не праміне ўзнікнуць нечысць. Чорцік, нашкодзіўшы тым, што зламаў скрыпку, уцякае…
Наступным кульмінацыйным момантам стала пагоня Сабакі за Зайчыкам, а Ваўка за Авечачкай. Вось тут драпежнікі схапіліся паміж сабой не на жарт, калі ўпусціўшы здабычу, Сабака стаў на бок бяскрыўднай хатняй жывёлкі. Памірыў іх толькі лёгкі і добры Ветрык.
У заключнай сцэне з маленькім Езусам на руках Марыя, ролю якой выконвала Юлія Гедравец, з’явілася з Юзафам у акружэнні Анёлкаў. Яна ж выканала і “Калыханку”. Усе героі разам падпявалі прыпеў. Музычнае афармленне, быццам невялікі аркестр, ужывую дадавала ўрачыстасці энергічнасць — грала моладзь на гітары, скрыпках і клавішных.
Цудоўныя казачныя касцюмы, якія спецыяльна для выступлення пашыла Марына Баговіч, стварылі эфект сапраўднага міні-тэатра. Цікавае і добрае выступленне дзяцей — карпатлівыя і клопатныя рэпетыцыі, якія праводзіла Наталля Гарноўская, а за танцавальныя моманты адказвала харэограф школы мастацтваў Аляксандра Катышава.
Ксёндз-пробашч шчыра падзякаваў юным артыстам за цікавае выступленне. Апладысменты, якія гледачы дарылі ім стоячы, былі таму найлепшым пацверджаннем.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.