Галоўная > Навіны > Эканомім

Эканомім


8-02-2013, 15:34. размясціў: gazeta

 

Кожнаму з нас варта вучыцца беражліваму абыходжанню не толькі з электраэнергіяй, але і вадой, цяплом, газам. Заўважу, што на Захадзе толькі вельмі забяспечаныя асобы могуць сабе дазволіць уключыць у кожным пакоі кватэры святло, тэлевізар, камп'ютар і пайсці на гадзіну-другую да суседа, паставіць поўны чайнік дзеля кубачку кіпня. А ў нас такіх прыкладаў марнатраўства можна прывесці нямала. Не, я не за адмену субсідзіравання электразабеспячэння насельніцтва (сёння гэта вельмі неабходна!), а за беражлівае абыходжанне з рэсурсамі, кошт якіх, незалежна ад жадання спажыўцоў, будзе паступова павялічвацца, што мы, уласна кажучы, і бачым пры аплаце.

 

Каб рост цаны на электраэнергію залішне не апусташаў кашалёк кожнага з нас, будзем вучыцца беражлівасці.

Урок першы: рацыянальнае асвятленне кватэры.

Азірніцеся вакол сябе і ўбачыце, колькі энергіі траціцца дарэмна. Вы прачнуліся і ўключылі ля ложка бра. Затым дадаткова запалілі ў спальні "верхняе" асвятленне. Асвятлілі і ванну. Прыступілі да гігіенічных працэдур, але на кухні ўключылі свяцільнік і электрачайнік. Пазней накіраваліся да тэлевізара, каб ранішнія навіны паглядзець. Вось і палічыце, колькі адначасова ў вашай кватэры "гарыць" лямпачак, якой яны магутнасці і колькі электраэнергіі траціцца.

 

Забяспечым рацыянальнае святленне кватэры. У пакоях, вокны якіх выходзяць на поўнач і паўночны захад, не хапае на працягу ўсяго дня натуральнага асвятлення. Рэкамендуем для аддзелкі сталявання і сцен выкарыстоўваць светлыя матэрыялы. Мэблю ў "цёмных" пакоях таксама варта мець светлую.

Аконнае шкло трэба заўсёды трымаць у чысціні (пры запыленасці паглынаецца да 30% святла). Да таго ж, не стаўце блізка ля вокнаў масіўную мэблю.

Прыкмечана, што жыхары кватэр, размешчаных на першым-другім паверхах, трацяць электраэнергіі на асвятленне больш, чым тыя, хто жыве вышэй, бо нярэдка перашкаджаюць пранікненню натуральнага дзённага святла ў пакоі непрадуманыя пасадкі дрэў і кустоў. Высокія насаджэнні павінны размяшчацца не бліжэй 5 метраў ад сцен дома, а хмызнякі — за 1,5 м.

 

Добрае, раўнамернае асвятленне забяспечваюць падвясныя свяцільнікі ці замацаваныя на сталяванні. На 1 кв. м плошчы павінна прыходзіцца 15-25 Вт магутнасці лямпаў напальвання.

Калі трэба мець больш інтэнсіўнае асвятленне ля рабочага стала, ложка, крэсла, люстэрка, выкарыстоўвайце спецыяльныя свяцільнікі. Калі трэба штосьці шыць чорнымі ніткамі, варта выкарыстаць прыбор асвятлення на 100 Вт пры яго аддаленні на 20-30 см. Для працяглага чытання дастаткова свяцільніка на 60 Вт.

Можна прымяніць сістэму камбінаванага асвятлення: лямпы на 15-60 Вт даюць рассеяннае святло, а ў пэўнай зоне ствараецца светлавы паток, накіраваны ўніз адной лямпай на 100 ці больш Вт. Пры гэтым уключальнікі лепш паставіць асобныя.

 

Найбольш рацыянальным лічыцца занальнае асвятленне. Пры яго прымяненні на асвятленне пакоя ў 18-20 кв. м будзе эканоміцца за год да 200 кВт/г. Звяртайце ўвагу і на іншыя моманты. Напрыклад, не варта пяціражковую люстру аснашчаць лямпачкамі на 100 Вт, магчыма, дастаткова 40-ватных.

Некаторыя пакідаюць свяцільнікі ў калідоры ўключанымі на ўсю ноч, каб у выпадку неабходнасці не блукаць у цемры ў пошуках уключальніка. Лепш абсталюйце ўсе ўключальнікі няонавымі лямпамі і лёгка адшукаеце іх у цемры.

 

Варта выкарыстоўваць прыборы, якія маюць большую святлоаддачу (лк/Вт):

• лямпа напальвання — 12;

• галагенная лямпа — 22;

• люмінесцэнтная лямпа — 55;

•      ртутная лямпа высокага  ціску — 55;

•      галагенная лямпа высокага ціску — 80;

•      натрыевая лямпа высокага ціску — 95.

Цяпер самымі папулярнымі з-за нізкай цаны з'яўляюцца лямпы напальвання агульнага прызначэння.

 

Э. БЛАЖЭВІЧ.


Вярнуцца назад