Мэтанакіраванасць

Нядаўна старшыня Дзісенскага гарсавета Аляксандр Аляксандравіч Качан арганізаваў паездку ў Полацк да нашага земляка Мікалая Глебавіча Панкрата. Гэты чалавек збірае бюсты Леніна, а таксама іншыя экспанаты, якія, на маю думку, маюць гістарычную каштоўнасць. Пакуль ён выступае ў ролі калекцыянера, але мае намер адкрыць музей. Мэтанакіраваныя людзі пераадолеюць любыя цяжкасці і ажыццявяць вызначаную задачу. У Мікалая Глебавіча ёсць ужо праект музея, месца для будаўніцтва. А бюстаў — 1600. Іншыя шматлікія экспанаты размешчаны ў двухпавярховым будынку. Кожны кубічны дэцыметр аб’ёму і квадратнай плошчы выкарыстаны вельмі рацыянальна. Тым не менш яшчэ прыкладна 40% экспанатаў знаходзяцца ў сховішчы.

 

Хаця ў нашага земляка пакуль няма афіцыйнай паперы пра адкрыццё музея, але ён створаны, лічу яго адным з лепшых у вобласці. Бадай што, уступае толькі абласному.

Перад уваходам у будынак на вуліцы стаіць вялікі бюст Леніна. Па словах Мікалая Глебавіча, ён раней знаходзіўся ў вёсцы Папшулі нашага раёна. Я пазнаў скульптуру правадыра, якая была ў Дзісенскім Доме піянераў. Яна адрэстаўрыравана, мае добры выгляд.

 

На пытанне, як удалося сабраць такую вялікую колькасць экспанатаў, ад маленькіх статуэтак да метровых экзэмпляраў, той адказаў, што шукае дзе толькі можна—на звалках, ва ўстановах, у прыватных асоб. Даводзіцца многае купляць, часам за значныя сумы.

— Вось гэты бюст, — адзначыў субяседнік, — з Масквы. Стаяў ён у вестыбюлі будынка ЦК ВЛКСМ.

Ёсць унікальныя рэчы, якіх адзінкі ў свеце. Па колькасці бюстаў і статуэтак А. С. Пушкіна займае пятае месца ў свеце. Усе на строгім уліку, кожны экспанат мае сваю гісторыю.

 

Мікалай Глебавіч сапраўдны патрыёт Дзісны. У яго калекцыі значны ад-дзел пад рубрыкай “Мой родны кут, як ты мне мілы”, прысвечаны нашаму гораду і яго жыхарам. Хвалюе калекцыянера лёс музея, створанага ў Дзісенскай школе-інтэрнаце Алай Пятроўнай Майсяёнак. Выступае за тое, каб сабранае захавалася ў самым маленькім горадзе Беларусі.

 

Адзіны недахоп музея нашага земляка ў тым, што цеснавата. Гэта кампенсуецца гасціннасцю гаспадара, яго імкненнем паказаць усё самае лепшае і цікавае. А паказаць і паглядзець сапраўды ёсць што. Вось і едуць многія жадаючыя, каб лепш ведаць гісторыю. І не толькі беларусы. З калекцыяй Мікалая Глебавіча азнаёміліся ўжо 30 дэлегацый з блізкага і далёкага замежжа, а гэта больш 7000 чалавек.

 

Ад’язджаў я з прыемным пачуццём і ў задавальненні. Пакуль ёсць такія мэтанакіраваныя людзі, мы будзем ведаць пра нашу багатую гісторыю, свае радавыя карані. Вялікая ўдзячнасць Мікалаю Глебавічу за яго няўрымслівасць.

Фадзей ШЫМУКОВІЧ.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.